Дабрачынная акцыя, прысвечаная ветэранам, пройдзе ў Полацку
Дабрачынная акцыя "За даўгалецце ветэранаў!", прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдзе ў Полацку 14 жніўня.
Акцыя стане часткай свята "Полацк - медавая сталіца", падчас якога пчаляры Полаччыны паднесуць у падарунак ветэранам лепшы мёд са сваіх аграсядзіб, паведамілі ў прэс-службе райвыканкама. На падарункавых банках з лячэбнай прадукцыяй пчаляры напішуць цёплыя словы падзякі і пажаданні салдатам Перамогі. "Мядовыя падарункі пчаляры ўрачыста перададуць Полацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Чакаецца, што ў свяце прымуць удзел 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны", - адзначылі ў райвыканкаме.
У Полацкім раёне пражываюць 154 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 532 былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі падчас Другой сусветнай вайны, 45 інвалідаў вайны і 9 інвалідаў з прычыны ваенных дзеянняў, 62 працаўнікі тылу, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі за працу і воінскую службу.
Алена Ціханава, БЕЛТА.