Патэнцыял і перспектывы інструментальнай вытворчасці Беларусі будуць прадстаўлены на семінары ў Воршы

9 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прэзентацыя патэнцыялу і перспектыў развіцця айчыннай інструментальнай вытворчасці пройдзе 11 лістапада ў Оршы на семінары, які арганізуе Міністэрства прамысловасці на базе РВУП "Аршанскі інструментальны завод". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле маркетынгу аршанскага прадпрыемства. У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі каля 100 прадпрыемстваў, сярод якіх асноўныя вытворцы металарэжучага і слесарска-мантажнага інструменту, а таксама патэнцыйныя заказчыкі інструментальнай прадукцыі. Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца прадстаўленне магчымасцей беларускіх інструментальных кампаній, новых напрамкаў вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама вывучэнне і абмен вопытам у галіне новых тэхналогій. Спецыялісты разгледзяць стан і перспектывы развіцця вытворчасці інструментаў для аснашчэння сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання, шляхі павышэння эфектыўнасці вытворчасці з дапамогай навінак айчынных вытворцаў інструменту. Інструментальныя прадпрыемствы прадставяць агляд новых відаў прадукцыі, запланаваных да выпуску ў 2010 годзе. Патэнцыйныя спажыўцы - а гэта станка- і машынабудаўнічыя заводы, транспартныя, энергетычныя і аграпрамысловыя прадпрыемствы - атрымаюць магчымасць ацаніць перспектывы і намеціць магчымыя напрамкі супрацоўніцтва з вытворцамі інструменту, дадалі ў аддзеле маркетынгу завода. -0-