Нашчадкі яўрэйскай суполкі Бешанковічаў адновяць старыя могілкі ў райцэнтры

Потомки еврейской общины Бешенковичей восстановят старинное кладбище в райцентре

Прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны Віцебска і Санкт-Пецярбурга ініцыявалі добраўпарадкаванне аднаго з самых старых яўрэйскіх пахаванняў у Беларусі — могілак у горадзе Бешанковічы Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік яўрэйскай абшчыны Віцебска, гісторык і журналіст Аркадзь Шульман.

"Апошнія пахаванні праводзіліся некалькі дзесяцігоддзяў таму. Паколькі ў Бешанковічах ужо няма яўрэйскай абшчыны, а ў тых старых яўрэяў, хто дажывае тут свой век, не хапае сіл на расчыстку могілак, яны параслі лесам і хмызняком, праз завалы часам цяжка прабрацца да пахаванняў. Два гады таму быў праведзены суботнік, але могілкі зноў прыйшлі ў заняпад. Ініцыятыва добраўпарадкавання была падтрымана мясцовымі ўладамі. У добраўпарадкаванні прыме ўдзел група з Віцебска, Мінска, Санкт-Пецярбурга, чые продкі жылі ў прыгожым мястэчку Бешанковічы. Вызваліліся паўдзельнічаць і хлопцы з наваполацкага моладзевага грамадскага аб'яднання. Таксама абяцаў падключыцца мясцовы лесгас, на тэрыторыі якога размешчаны могілкі. І мы запрашаем усіх неабыякавых далучыцца да гэтай акцыі", - сказаў Аркадзь Шульман.

Паводле інфармацыі галоўнага захавальніка фондаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслава Ляоненкі, могілкі з'яўляюцца адным з найлепш захаваных старадаўніх яўрэйскіх пахаванняў у Беларусі. Яны займаюць тэрыторыю ў 4 га (у тым ліку абкапаную - больш за 2 га) і налічваюць звыш 200 надмагілляў, якія бачныя на паверхні. Пад зямлёй жа знаходзяцца яшчэ сотні, а, магчыма, і тысячы. Згодна з надпісамі на камянях на іўрыце, самае старое пахаванне датуецца 1703 годам.

Старшыня рэспубліканскага фонду "Халакост", дырэктар "Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі" Вадзім Акопян, які далучыўся да ініцыятывы, дадаў, што па ўсёй Беларусі налічваецца звыш 200 закінутых яўрэйскіх могілак, і сілаў іх суполак не хапае на тое, каб прывесці ў парадак усе. За год добраўпарадкоўваецца адно-два.

Летам пачнуцца работы па расчыстцы тэрыторыі могілак у Бешанковічах ад завалаў. Плануюцца чэрвеньскі і жнівеньскі працоўныя лагеры. Энтузіясты будуць рады ўсім, хто захоча прыняць удзел у працы па добраўпарадкаванні могілак або ўнесці свой матэрыяльны ўклад.

Кацярына Князева