Спажыванне вады ў Віцебскай вобласці знізілася за апошнія 5 гадоў амаль на 17%
3 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Спажыванне вады з паверхневых і падземных крыніц у Віцебскай вобласці за апошнія 5 гадоў скарацілася на 40,3 млн.куб.м, або амаль на 17% у параўнанні з узроўнем 2004 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле водных рэсурсаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У 2008 годзе з прыродных водных аб'ектаў вобласці было выкарыстана на розныя патрэбы каля 200 млн.куб.м вады, гэта значыць зэканомленыя за 5 гадоў водныя рэсурсы склалі пятую частку ад гадавой патрэбы вобласці, адзначылі спецыялісты.
Эканомія дасягнута ў асноўным за кошт праводзімай работы па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і абсталяванні крыніц водазабеспячэння прыборамі ўліку. Цяпер водавымяральнымі прыборамі абсталявана больш за 2,8 тыс. дзеючых крыніц, або 82,3% ад іх агульнай колькасці, у тым ліку амаль 1,7 тыс. прыбораў устаноўлена ў 2008 годзе. Разам з тым самы нізкі ахоп прыборным улікам крыніц водазабеспячэння адзначаецца на прадпрыемствах міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якім патрабуецца ўсталяваць больш за 500 прыбораў уліку (звыш 90% ад агульнай колькасці неабходных да ўстаноўкі).
Пры праверцы выканання парадку вядзення першаснага ўліку выкарыстання вод спецыялісты прыродаахоўнага ведамства ў 2008 годзе выдалі больш за 1,3 тыс. прадпісанняў на ўхіленне выяўленых парушэнняў, да адказнасці прыцягнута 189 службовых асоб, памер штрафных санкцый склаў больш Br15,6 млн.-0-