Спажыванне вады ў Віцебскай вобласці за апошнія пяць гадоў зменшылася на 10%
27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вадаспажыванне ў Віцебскай вобласці за апошнія пяць гадоў паменшылася на 10%. Пра гэта паведаміў сёння падчас падагульняючай калегіі старшыня камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віцебскага аблвыканкама Руслан Вінакураў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Руслана Вінакурава, за апошнія гады знізілася выкарыстанне вады на вытворчыя патрэбы, скарачаецца аб'ём скіду сцёкавых вод. Колькасць апошніх у параўнанні з 2005 годам знізілася на 9,9 млн.куб.м у год.
Палепшыць эфектыўнасць выкарыстання водных рэсурсаў у Віцебскай вобласці дапаможа шэраг станцый абезжалезвання і ачысных збудаванняў, уведзеных у эксплуатацыю ў 2009 годзе. Яны запушчаны ў Сенненскім, Лепельскім, Талачынскім, Віцебскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Лёзненскім, Полацкім раёнах. Разам з тым вырашэнне асобных пытанняў, звязаных з эканомным выкарыстаннем вады, застаецца на асаблівым кантролі, адзначыў кіраўнік камітэта. У прыватнасці, з 3,4 тыс. дзеючых крыніц водазабеспячэння прыборамі ўліку вады аснашчаны толькі 90,4%. Цалкам вырашылі гэту задачу толькі Бешанковіцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Мёрскі, Пастаўскі, Расонскі і Шаркаўшчынскі раёны, а таксама гарады вобласці. Найбольш слаба гэтая праца праводзіцца ў Талачынскім (48%) і Полацкім (70%) раёнах.
Акрамя таго, актуальнай праблемай з'яўляецца адсутнасць у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне. У 2009 годзе абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдаў 220 такіх дазволаў. Усяго на 1 студзеня 2010 года спецдазвол мае 471 гаспадарка, або 81%, 108 гаспадарак ажыццяўляюць самавольнае водакарыстанне.-0-