Патрэбнасць эканомікі Віцебскай вобласці ў кадрах у 2015 годзе павялічыцца на 3,9% у параўнанні з 2008-м

12 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Агульная патрэбнасць эканомікі Віцебскай вобласці ў кадрах у 2015 годзе ўзрасце ў параўнанні з 2008 годам на 3,9% і складзе 588,2 тыс. чалавек. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Генадзь Грэбнеў, прадстаўляючы праект рэгіянальнай комплекснай праграмы "Кадры 2009-2015", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праектам праграмы вызначана штогадовая агульная і дадатковая патрэбнасць у кадрах галін эканомікі вобласці па ўзроўнях адукацыі і шырокім пераліку кваліфікацый. З улікам штогадовага натуральнага выбыцця кадраў сумарная дадатковая патрэбнасць сацыяльна-эканамічнага комплексу вобласці ў кадрах у перыяд з 2009 па 2015 гады складзе больш за 99 тыс. чалавек. Для яе забеспячэння плануецца прыцягнуць у эканоміку каля 43 тыс. выпускнікоў, што дазволіць пакрыць 43,4% сумарнай патрэбнасці. З агульнай колькасці выпускнікоў спатрэбіцца 13,2 тыс. чалавек з вышэйшай адукацыяй, 8,1 тыс. - са сярэдняй спецыяльнай, 21,7 тыс. чалавек - з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Каментуючы на просьбу карэспандэнта БЕЛТА праект праграмы, Генадзь Грэбнеў адзначыў, што яна падрыхтавана для ўдасканалення сістэмы работы па фарміраванні і эфектыўным выкарыстанні кадравага патэнцыялу. Пачынаючы з 2004 года, у вобласці захоўваецца рост колькасці занятых у эканоміцы. Пры запланаванай у 2008 годзе агульнай патрэбнасці эканомікі вобласці ў кадрах 558,7 тыс. чалавек фактычная занятасць склала 566,3 тыс. чалавек. У вобласці каля 60% заяўленых вакансій арыентаваны на работнікаў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, 26% - са сярэдняй. Асабліва высокі попыт на гэту катэгорыю работнікаў у бытавым абслугоўванні, будаўніцтве, гандлі, грамадскім харчаванні, ЖКГ і прамысловасці. Пры гэтым у спецыялістах з вышэйшай адукацыяй востра маюць патрэбу аграпрамысловы сектар, лясная гаспадарка, сувязь, ахова здароўя. На рынку працы сёння запатрабаваны рабочыя будаўнічых спецыяльнасцей, сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй устойліва дэфіцытнымі застаюцца ўрачы, інжынеры-праграмісты, інжынеры-будаўнікі. Разам з тым прапанова па спецыяльнасцях медсястра, кравец, справавод, педагог, эканаміст, бухгалтэр перавышае попыт. Складзеныя дыспрапорцыі прывялі да неабходнасці перагляду кадравай праграмы, растлумачыў Генадзь Грэбнеў. Праект абласной комплекснай праграмы "Кадры 2009-2015" будзе вынесены на разгляд дэпутатаў аблсавета.-0-