Кухары з Беларусі, Латвіі і Швецыі пазмагаюцца ў кулінарным паядынку
22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла — БЕЛТА/. Кулінарны паядынак кухараў з Полацка, Віцебска, Дзісны, Даўгаўпілса (Латвія) і Готланда (Швецыя) пройдзе ў Полацку на семінары па развіцці турызму і турыстычнай інфраструктуры рэгіёна "Панорама Дзвіна/Даўгава", расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама Ігар Загрэкаў.
Семінар адбудзецца ў Полацку 25-26 чэрвеня. У яго рабоце возьмуць удзел прадстаўнікі органаў улады, турыстычных кампаній і прадпрыемстваў з Полацка, Віцебска, Дзісны, Даўгаўпілса, Готланда — рэгіёнаў, якія ўдзельнічаюць у сумесным беларуска-латвійска-шведскім праекце "Панорама Дзвіна/Даўгава". У кулінарным конкурсе возьмуць удзел кухары з рэстаранаў і кафэ, якія прадэманструюць сваё майстэрства ў прыгатаванні нацыянальных страў, а ўдзельнікі семінара вызначаць пераможцаў. Аднак галоўная мэта гэтага спаборніцтва — разгледзець магчымасць стварэння кулінарнага маршруту на тэрыторыі Віцебскай вобласці і абмеркаваць магчымасць арганізацыі сумесных кулінарных мерапрыемстваў са шведскімі і латвійскімі калегамі. Па словах Ігара Загрэкава, у Швецыі кулінарны турызм добра развіты і карыстаецца вялікай папулярнасцю. У 1998 годзе Швецыя стала адным са стваральнікаў Еўрапейскай сеткі кулінарнай спадчыны, створанай для таго, каб турысты без асаблівых клопатаў маглі паспрабаваць нацыянальныя стравы розных рэгіёнаў кантынента. Цяпер у дзейнасці сеткі бяруць удзел больш за 20 рэгіёнаў. Уцягванне ў яе беларускіх тэрыторый будзе разгледжана на семінары.
Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стане стварэнне новай для Беларусі формы прасоўвання турыстычнага прадукту — турысцка-інфармацыйных цэнтраў, іх роля ў развіцці і каардынацыі турыстычнай галіны рэгіёна. У ходзе правядзення круглага стала ўдзельнікі семінара разгледзяць магчымасці і перспектывы Віцебскай вобласці па паляпшэнні турыстычнай інфраструктуры і стварэнне прывабнага вобраза рэгіёна.-0-