Павышальныя каэфіцыенты да тарыфнай стаўкі бюджэтнікаў устанаўліваюцца з II квартала
Павышальныя каэфіцыенты да тарыфнай стаўкі бюджэтнікаў устанаўліваюцца ў Беларусі з II квартала 2015 года. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 24 красавіка 2015 года №331 "Аб мерах па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, у 2015 годзе", якая апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У адпаведнасці з пастановай №331 павышальныя каэфіцыенты да тарыфнай стаўкі (акладу) для разліку заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, устанаўліваюцца з другога квартала з першага чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам. Крыніцай фінансавання на гэтыя мэты з'яўляюцца сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, вызваленыя ў выніку рэалізацыі мерапрыемстваў па аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, а таксама эканоміі бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на функцыянаванне бюджэтных арганізацый, у межах сродкаў па змеце расходаў, за выключэннем расходаў на аплату камунальных паслуг (на аплату спажывання газу, цеплавой і электрычнай энергіі) і капітальных расходаў.
Павышальны каэфіцыент ужываецца да разлічанай ва ўстаноўленым парадку тарыфнай стаўкі (акладу) работніка для вызначэння памеру дадатковага павышэння яго заработнай платы. Пры гэтым памер дадатковага павышэння, разлічаны з ужываннем павышальнага каэфіцыента, не ўдзельнічае ў фарміраванні тарыфнай стаўкі (акладу), не ўтварае павышэння, якое фарміруе стаўку (аклад) работніка, і не ўлічваецца пры вылічэнні надбавак, даплат і прэмій.
Пастановай таксама ўстаноўлена, што эканомія бюджэтных асігнаванняў вызначаецца нарастаючым вынікам за першы квартал і першае паўгоддзе як розніца паміж бюджэтнымі асігнаваннямі, прадугледжанымі на адпаведны перыяд на 1 красавіка і 1 ліпеня, за выключэннем расходаў на аплату камунальных паслуг і капітальных расходаў, і зробленымі расходамі за адпаведны мінулы перыяд. Эканомія бюджэтных асігнаванняў за дзевяць месяцаў і чацвёрты квартал бягучага года вызначаецца як розніца паміж гадавымі бюджэтнымі асігнаваннямі на 1 кастрычніка, за выключэннем расходаў на аплату камунальных паслуг і капітальных расходаў, і чаканымі расходамі за 2015 год. Пры гэтым чаканыя расходы за 2015 год разлічваюцца як сума зробленых расходаў за дзевяць месяцаў і чаканых расходаў за чацвёрты квартал. Пры вызначэнні памеру эканоміі бюджэтных асігнаванняў за першы квартал і першае паўгоддзе праводзіцца ацэнка гадавога чаканага выканання расходаў у межах прадугледжаных на 2015 год сродкаў па змеце расходаў.
Парадак вызначэння эканоміі бюджэтных асігнаванняў для бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту, устанаўліваецца рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, іншымі дзяржаўнымі органамі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў; для бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў, - Мінскім гарадскім і абласным выканаўчымі камітэтамі, а таксама раённымі, гарадскімі (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі.
Што тычыцца канкрэтных памераў павышаючых каэфіцыентаў, то іх работнікам устанаўліваюць кіраўнікі бюджэтных і іншых арганізацый.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.