Павысіць культуру земляробства рэкамендаваў Мікалай Шэрснёў сельскагаспадарчым прадпрыемствам Віцебскай вобласці
Залогам эфектыўнага развіцця аграрнай галіны Віцебшчыны пры выкарыстанні наяўнай у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў тэхнікі павінны стаць павышэнне агульнай культуры земляробства і строгае выкананне тэхналогіі апрацоўкі глебы.
Такое меркаванне выказаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас абласнога семінара-нарады з удзелам вучоных, спецыялістаў і работнікаў сельскай гаспадаркі.
Нягледзячы на тое, што якасць палёў у рэгіёне значна палепшылася, тэхналагічных недахопаў па-ранейшаму хапае. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вобласці з-за слабой матэрыяльнай базы пераважна працуюць па спрошчанай тэхналогіі вырошчвання культур, але гэта не адмяняе патрабаванняў да якасці.
— Ніколі не пагаджуся з меркаваннем, што віцебскія палі сёння горш, чым у іншых рэгіёнах. З кожным з іх трэба працаваць: падбіраць сваю тэхналогію і шлейф машын. З кожным годам мы павінны станавіцца лепш, мацней і атрымліваць большую ўраджайнасць, – абазначыў сваю пазіцыю Мікалай Мікалаевіч і прадаставіў слова спецыялістам.
Аб асаблівасцях апрацоўкі глебы ў залежнасці ад клімату нашага рэгіёну, яе тыпу і складу падрабязна распавёў загадчык аддзела Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей Нябышынец. Ён абгрунтаваў выкарыстанне безатвальнай тэхналогіі воркі як альтэрнатывы плугу на пэўных відах глебаў, а таксама неабходнасць апрацоўкі астаткаў пасля збору ўраджаю і правядзення ва ўмовах Віцебшчыны, дзе пераважным глебавым фактарам з'яўляецца высокая шчыльнасць, глыбіннай культывацыі. Парэкамендаваў праводзіць яе падчас восеньскай апрацоўкі палёў, але не часцей аднаго разу на 4 гады. Замена механічных сродкаў – біялагічныя разрыхляльнікі. Адмысловыя гатункі крывацветных (ре́дзька, гарчыца), зало́зніку вузкалістага і кле́веру адна- і двухгадовага маюць развітую каранёвую сістэму, здольную знізіць шчыльнасць грунту. Праўда, каб дамагчыся аптымальнага эфекту, варта выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні пры іх сяўбе.
Сярод самых распаўсюджаных тэхналагічных памылак пры вырошчванні азімых культур спецыяліст назваў адсутнасць абавязковага акна – мінімум 14 дзён ад асноўнай апрацоўкі да сяўбы. З гэтай прычыны ўраджайнасць можа зніжацца на 2-5 цэнтнераў, а ў выпадку з азімым рапсам і зусім не адбываецца нармальнай перазімоўкі пасеваў.
Мікалай Шарснёў завастрыў на гэтым моманце ўвагу ўдзельнікаў семінара:
— У гэтым годзе ў рэспубліцы скараціліся плошчы, занятыя азімым і яравым рапсам, на долю Віцебшчыны іх прыпадае каля 40% (80 тыс. га). Таму мы павінны строга выконваць тэхналогію, правесці ўсю неабходную апрацоўку, каб выгадаваць і атрымаць добры ўраджай. Хутчэй за ўсё, восенню ў краіне будзе адчувацца дэфіцыт насення гэтай культуры, а значыць, мы атрымаем магчымасць нядрэнна зарабіць, але для гэтага ўраджайнасць не павінна быць 8-9 ц/га, гібрыды могуць даваць не менш за 40 ц/га, да такога выніку трэба імкнуцца.
У ходзе семінара Мікалай Мікалаевіч нагадаў і пра рацыянальнае выкарыстанне мінеральных угнаенняў, кошт якіх з кожным годам павялічваецца. Пры цяперашнім падыходзе яны ў асноўным падтрымліваюць аграфон палёў, а расліны так і не атрымліваюць у належнай колькасці неабходных мікра- і макраэлементаў. Да прыкладу, унясенне фосфару аптымальна праводзіць падчас сяўбы, для гэтага патрабуюцца новыя сельскагаспадарчыя агрэгаты, павінна змяніцца і сама тэхналогія апрацоўкі глебы.
Але вынікова працаваць з наяўнымі агрэгатамі і сельгасмашынамі сёння можна і трэба. Рэкамендацыі па іх рацыянальным выкарыстанні на семінары прадставіў дырэктар установы дадатковай адукацыі дарослых «Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама» Якаў Ярацкі. Ён правёў дэтальны аналіз канструктыўных асаблівасцей і методыкі выкарыстання прадэманстраванай у рамках семінара- нарады тэхнікі, распавёў пра яе аптымальныя налады. За працай сельгасмашын ва ўмовах паўночнага рэгіёну ўдзельнікі семінара назіралі на эксперыментальным полі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, сельгасугоддзі якой, як паведаміў Мікалай Шарснёў, павінны стаць своеасаблівым палігонам для апрабацыі тэхнікі.
— Гаворачы пра сельгасмашыны і тэхналогіі, не варта забываць і пра перспектыўныя культуры. Неабходна вырабляць танны раслінны бялок, але сёння на Віцебшчыне няма рапсу, люпіну, практычна не працуюць з алеістай рэдзькай, выпускаюць магчымасць ранняй уборкі шматгадовых траў. Сярод іншых перспектыўных напрамкаў – вырошчванне гібрыдных сартоў азімай жыта, здольнай даваць ураджай да 100 ц/га. Адзіная асаблівасць – насенне трэба будзе купляць штогод, норма высеву пры гэтым усяго 50 кг на 1 га, а ад аднаго збожжа расліна здольна даць да 40 сцеблаў, — вызначыў кіраўнік вобласці рэсурсы, з дапамогай якіх могуць удасканальваць сваю працу аграрыі Віцебшчыны.
Старшыня аблвыканкама, падводзячы вынікі мерапрыемства, таксама адзначыў, што, безумоўна, недахоп фінансавых сродкаў не дазволіць так хутка, як хацелася б, перайсці да новых метадаў і выкарыстання перадавой тэхнікі, але гэта не дае падставы апраўдваць матэрыяльнымі цяжкасцямі факты бясгаспадарнасці. Таму да ўдзелу ў семінары запрасілі і спецыялістаў эканамічнай службы, якія павінны аптымізаваць сістэму кантролю якасці працы механізатараў, а таксама ўдасканаліць формы матэрыяльнага стымулявання.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"