Выкрадзеныя два гады таму абразы вернуцца ў Віцебск
19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкрадзеныя два гады таму ў Віцебску і вывезеныя ў Санкт-Пецярбург абразы вернуць іх законнаму ўладальніку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ГУУС Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці.
Як растлумачылі ў ГУУС, яшчэ 22 снежня 2008 года супрацоўнікі пецярбургскага крымінальнага вышуку сумесна з аператыўнікамі з МУС Расіі падчас правядзення аперацыі "Антыкварыят" затрымалі двух раней судзімых грамадзян Беларусі, якія хацелі ў Санкт-Пецярбургу прадаць 4 абразы XVIII і XIX стагоддзяў. Следствам было ўстаноўлена, што ўсе абразы належаць пенсіянерцы 1938 года нараджэння з горада Віцебска. Яны былі выкрадзены з яе дома. Больш таго, адзін з затрыманых аказаўся пляменнікам гэтай віцячанкі.
Старадаўнія святыні былі накіраваны на экспертызу ў Расахоранкультуру. Там прызналі, што абразы ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Іх агульны кошт складае каля 135 тыс. расійскіх рублёў (па курсе Нацбанка РБ гэтая сума эквівалентная амаль Br13,7 млн.).
Расахоранкультура перадала 18 сакавіка бягучага года абразы супрацоўнікам ГУУС Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці. Расійскія міліцыянеры вернуць антыкварную маёмасць законнаму ўладальніку.-0-