Віншаванне старшыні аблвыканкама
Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!
Паважаныя жыхары вобласці!
Шчыра віншую Вас з Днём Перамогі!
У гэты святочны дзень мы з асаблівай сілай адчуваем любоў да Радзімы і жаданне жыць у незалежнай краіне. Галоўныя ўрокі Вялікай Перамогі – гэта ўрокі згуртаванасці і яднання народаў у барацьбе за свабоду і годнае жыццё.
Ніколі не згасне веліч неўміручага подзвігу пакалення Пераможцаў, што разграмілі фашызм. У жорсткіх баях на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі, на палях і на заводах наш народ аддаваў свае сілы дзеля вялікай мэты – выстаяць і перамагчы. Гераізм і самаахвярнасць савецкіх грамадзян з'яўляюцца найярчэйшым узорам патрыятызму ў сусветнай гісторыі.
Беларускі народ, як ніхто іншы, ведае цану міру. Мы захоўваем у сэрцах горкасць страт ваеннага ліхалецця. Віцебшчына страціла кожнага трэцяга жыхара ў гады вайны, на яе тэрыторыі было спалена 222 населеныя пункты, тысячы людзей пакутавалі ў лагерах і гета. Боль, слёзы, непапраўныя страты прынеслі пакуты ў кожную сям'ю. І мы імкнемся зрабіць рэальнасцю знаёмыя з дзяцінства словы: НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ І НІЧОГА НЕ ЗАБЫТА.
Сёння ў Віцебскай вобласці пражываюць 3 653 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 349 членаў сем'яў загінуўшых, 7 245 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання. Ветэраны – прыклад гонару і мужнасці, Вы вучыце нас любові да Радзімы, аптымізму, сумленнасці.
Сёлета Гарадоцкі і Лёзненскі раёны адзначаюць 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Важна, каб вахта памяці была падхоплена новымі пакаленнямі. Неабходна разам добраўпарадкаваць наш край, зрабіць яго прыгожым і бяспечным. Мы павінны быць годнымі тых, хто аддаў жыццё за Айчыну.
Нізкі паклон усім, хто набліжаў Перамогу!
Няхай нашы сэрцы мацнеюць у добрых памкненнях на карысць роднай краіны!
Шчыра жадаю Вам, дарагія землякі, здароўя, шчасця, бадзёрасці духу, міру і дабра!
З Днём Перамогі!
З павагай,
Аляксандр Косінец,
старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта