Віншаванне старшыні аблвыканкама А.Касінца са святам 1150-годдзя Полацка
Паважаныя жыхары Прыдзвінскага краю!
Старажытны Полацк адзначае 1150-годдзе з дня першага летапіснага ўпамінання ў «Аповесці мінулых гадоў».
Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці. Яго называюць «бацькам гарадоў беларускіх», які паклаў пачатак стварэнню беларускай дзяржаўнасці, адзінству палітычнай, эканамічнай і этнічнай структуры. Тут нараджаўся прататып беларускай нацыі.
Полацк – духоўны цэнтр усходніх славян. У 992 годзе заснавана трэцяя на старажытнарускіх землях, пасля Кіеўскай і Ноўгарадскай, праваслаўная епархія. З гэтага часу вядзе адлік хрысціянства ў Белай Русі, якое адыграла велізарную ролю ў аб'яднанні славянскіх народаў, станаўленні нашай цывілізацыі і культуры.
Прыдзвінне неадрыўна звязана з імем вялікай асветніцы Ефрасінні Полацкай – адной з першых жанчын, прылічаных да ліку святых ва ўсходнеславянскіх землях. Яе імя – нацыянальны сімвал служэння духоўным ідэалам, роднай зямлі.
Францыск Скарына і Сімяон Полацкі сваімі слаўнымі справамі рыхтавалі горад да вялікай місіі адукацыйнага цэнтра беларускіх земляў. Тут у XVI стагоддзі быў заснаваны Полацкі езуіцкі калегіум, які паклаў пачатак універсітэцкай адукацыі ў Беларусі. У ім выкладалі вядомыя навукоўцы свайго часу.
Іміджавай падзеяй для горада стала пацвярджэнне яго статусу як геаграфічнага цэнтра Еўропы і адкрыццё памятнага знака. Яно падняло планку патрабаванняў да ўзроўню добраўпарадкавання, развіцця інфраструктуры, культуры горада.
Візітнай карткай Полацка па праву лічыцца Сафійскі сабор, сучаснік сабораў Кіева і Ноўгарада. У лёсе полацкай Сафіі адлюстравана ўся гісторыя беларускага народа, яго імкненне да незалежнасці. Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра з'яўляецца адным з феноменаў сваёй эпохі. Многія сучасныя полацкія музеі і помнікі не маюць аналагаў: музей беларускага кнігадрукавання, помнікі прападобнай Ефрасінні Полацкай, свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, князю Усяславу Брачыславічу, памятны знак літары «Ў» беларускага алфавіта.
Побываўшы ў горадзе аднойчы, людзі вяртаюцца сюды зноў і зноў. Невыпадкова ў 2010 годзе Полацк быў абвешчаны першай культурнай сталіцай Беларусі. Чаpговым крокам у адраджэнні яго гісторыка-культурнай спадчыны стане рэалізацыя Канцэпцыі развіцця горада на 2012 – 2015 гады.
Сучасны Полацк – гэта развіты эканамічны цэнтр. Ён афіцыйна прыняты ў Ганзейскі саюз Новага часу, мэта якога – развіццё гандлю і турызму. У горадзе створаны ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. У 2011 годзе Полацк стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы горад для бізнесу Беларусі».
Новыя падыходы да захавання гісторыка-культурнай спадчыны адлюстроўваюць змены ў нашым грамадстве. Мы становімся мудрэйшымі, вучымся беражліва ставіцца да хрысціянскіх святыняў, духоўных вытокаў беларускага народа.
Упэўнены, што прыклад самаадданага служэння роднаму краю нашых вялікіх землякоў з'яўляецца крыніцай гонару, стварэння і дабра, любові да беларускай зямлі.
Ад усёй душы жадаю ўсім жыхарам Прыдзвінскага краю здароўя, шчасця і дабрабыту!
З павагай А. М. Касінец,
Старшыня Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта