Віншаванне старшыні Віцебскага аблвыканкама з 80-годдзем Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў
Паважаныя трэнеры і спартсмены-навучэнцы
прафсаюзных спартыўных школ вобласці!
Шчыра віншую вас з 80-годдзем Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў!
Развіццё дзіцяча-юнацкага спорту, падрыхтоўка спартыўнага рэзерву ў нацыянальныя зборныя каманды з'яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. У 13 прафсаюзных школах 21 відам спорту займаецца 5,7 тысяч дзяцей і падлеткаў Віцебшчыны. Найбольш масавыя - футбол, лёгкая атлетыка, біятлон, лыжныя гонкі, адзінаборствы.
Віцебскі абласны спартыўны клуб Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўносіць свой уклад у скарбонку перамог на міжнародных спаборніцтвах. За 2014 – 2015 гады вашы выхаванцы заваявалі 66 медалёў.
Прафсаюзныя спартыўныя школы Віцебшчыны выхавалі многіх вядомых чэмпіёнаў. У іх ліку – заслужаны майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе, двухразовы чэмпіён свету, уладальнік Кубка свету, чатырохразовы чэмпіён Еўропы, сярэбраны прызёр XXII Алімпійскіх Гульняў 1980 года ў Маскве Ігар Каныгін; заслужаны майстар спорту СССР па біятлоне, трахразовая чэмпіёнка свету, чэмпіёнка Еўропы, сярэбраны прызёр XVII Алімпійскіх Гульняў 1994 года ў Лілехамеры Святлана Парамыгіна; заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па канькабежным спорце, сярэбраны прызёр XVII Алімпійскіх Гульняў 1994 года ў Лілехамеры, пяціразовы чэмпіён свету, двухразовы ўладальнік Кубка свету Ігар Жалязоўскі.
Для падтрымкі перспектыўных дзяцей і падлеткаў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з 2006 года заснавала 26 імянных стыпендый навучэнцам. Віцебскае абласное аб'яднанне арганізавала выплату 23 стыпендый перспектыўным маладым спартсменам. Дасведчаныя трэнеры знаходзяць таленавітую моладзь на вёсцы, у глыбінцы, укладваюць свае сілы і энергію ў іх падрыхтоўку.
Дарагія сябры! Жадаю вам здароўя, шчасця, бадзёрасці духу, удачы, поспехаў і перамог на спартыўных арэнах.
З павагай,
Н.Н. Шарснёў,
старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта