Віншаванне старшыні Віцебскага аблвыканкама з нагоды 75-годдзя з дня ўтварэння Глыбоцкага раёна
Паважаныя жыхары Глыбоцкага раёна!
Шчыра віншую Вас з 75-годдзем утварэння Глыбоцкага раёна.
Глыбоцкая зямля падарыла свету нямала слаўных імёнаў. Тут нарадзіліся заснавальнік беларускага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі, мастак і этнограф Язэп Драздовіч, гісторык і грамадскі дзеяч Вацлаў Ластоўскі, авіяканструктар Павел Сухі і іншыя вядомыя людзі. Выдатна, што ў 2012 годзе ў Дзень рэспубліканскага свята беларускага пісьменства ў Глыбокім урачыста адкрылі сквер знакамітых землякоў.
Подзвіг старэйшага пакалення глубочан у гады Вялікай Айчыннай вайны сёння надзейна падмацоўваецца справамі сучаснікаў. Працаўнікі раёна ўносяць значны ўклад у эканоміку і сацыяльнае развіццё Прыдзвінскага краю. У структуры прамысловай вытворчасці рэгіён займае пятае месца ў вобласці пасля гарадоў Віцебск, Наваполацк, Аршанскага і Полацкага раёнаў. Актыўна праводзіцца мадэрнізацыя мясакамбіната, малочнакансервавага камбіната, камбікормавага завода. Аграрыі раёна ўпэўнена ўваходзяць у тройку лідараў па вытворчасці валавой прадукцыі. За апошнія гады рэканструяваны 16 малочнатаварных ферм, пабудаваны бібліятэка, гарадскі стадыён, школа, дом культуры, мастацкая школа, дом для інвалідаў і састарэлых людзей у в. Масар.
На Глыбоччыне атрымаў прапіску Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм ”Магніфікат“, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі 16 краін свету. Шырокае прызнанне атрымаў ”Вішнёвы фестываль“.
Новыя падыходы да захавання гісторыка-культурнай спадчыны адлюстроўваюць змены ў нашым грамадстве. Мы становімся мудрэйшымі, вучымся берагчыць хрысціянскія святыні, развіваем традыцыі.
Ад усёй душы жадаю жыхарам Глыбоцкага раёна здароўя, шчасця, міру і дабрабыту!
Няхай не згасае Ваш энтузіязм на добрыя справы і новыя здзяйсненні на карысць Айчыны!
З павагай,
Мікалай Шарснёў,
старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта