Пажарныя службы Нінбурга і Віцебска маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў моладзевай сферы

Партнёрскім адносінам пажарных службаў Нінбурга і Віцебска ўжо 20 гадоў, і яны працягваюць развівацца па розных напрамках.

Пажарныя ведамствы нямецкага Нінбурга і беларускага Віцебска маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў моладзевай сферы. Пра гэта паведаміў начальнік пажарнай службы горада Нінбург (Везер) Штэфан Оттенс, які ў складзе нямецкай дэлегацыі знаходзіўся з дружалюбным візітам у Беларусі.

"Партнёрскім адносінам нашых пажарных службаў ужо 20 гадоў, і яны працягваюць развівацца па розных напрамках. Цяпер мы больш сканцэнтраваны на моладзі. Таму цікавай стала сустрэча з прадстаўнікамі вашай моладзевай арганізацыі (БРСМ). У хлопцаў было шмат пытанняў аб нашай працы, таксама яны расказалі, чым займаецца іх арганізацыя на ўсіх узроўнях: ад лакальных груп на месцах да аб'яднаных структур", - растлумачыў Штэфан Оттенс. Дарэчы, ужо 10 гадоў у Нінбургу кожнае лета арганізуецца намётавы лагер, які збірае юных ратавальнікаў-пажарных двух гарадоў, і гэты прыклад служыць адпраўной кропкай для паглыблення супрацоўніцтва.

Падчас візіту таксама адбылася рабочая сустрэча ў Віцебскім абласным упраўленні МНС, падчас якой абмяркоўвалася ўдасканаленне прафілактычнай працы ратавальнікаў-пажарных, узаемадзеянне калег дзвюх краін, пытанні эфектыўнасці добраахвотных пажарных дружын. "У Беларусі асноўная праца па тушэнні пажараў і забеспячэнні бяспекі кладзецца на плечы прафесіяналаў. Добровольныя пажарныя дружыны таксама ёсць, але, мабыць, варта актывізаваць іх арганізацыю ў малых населеных пунктах, як гэта зроблена ў Германіі", - выказаў прапанову Штэфан Оттенс.

Акрамя таго, госць адзначыў ступень тэхнічнай аснашчанасці віцебскіх калег. Паводле яго слоў, калі члены дэлегацыі наведвалі аб'яднанне "Нафтан", то звярнулі ўвагу, што тэхніка, якая маецца на ўзбраенні ў мясцовай пажарнай часці, такая ж, калі нават не лепшая, чым у немцаў.

Дэлегацыя Нінбурга ў канцы жніўня знаходзілася ў Беларусі з дружалюбным візітам. У яе склад увайшлі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі на чале з віцэ-мэрам, бізнесмены, работнікі пажарнай службы. Госці пабывалі ў Полацку, Наваполацку, Лёзне, Лепелі, Віцебску, Мінску і Жодзіна, дзе наведалі прадпрыемства "БелАЗ".

Кацярына Князева, БЕЛТА.