Пажарнык з Наваполацка стаў абсалютным чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па бодзібілдынгу

Пожарный из Новополоцка стал абсолютным чемпионом Республики Беларусь по бодибилдингу

Нядаўна ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода прайшоў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па бодзібілдынгу. Больш за дзвесце чалавек з усёй краіны з'ехаліся на гэты прадстаўнічы турнір. На працягу двух дзён суддзі выбіралі ўладальніка самага моцнага і прыгожага цела. Не пакінуўшы шанцаў супернікам, абсалютным чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь стаў старшы пажарны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №3 ПАСА №1 на аб'ектах ААТ «Нафтан» і Наваполацкай ЦЭЦ Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Ілья Лукавец. Пра тое, як ішоў да перамогі і якія вяршыні ў планах, распавёў сам пажарны.

— Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве, — успамінае работнік МНС. — Мае бацькі, спартсмены-аматары (мама гуляла ў валейбол, бацька займаўся боксам), з ранніх гадоў прывівалі мне любоў да спорту. У пяць гадоў яны прывялі мяне ў басейн. Пасля — у водналыжную школу імя М.Л. Генова. Да 15 гадоў я сур'ёзна займаўся гэтым відам спорту, ездзіў на спаборніцтвы, станавіўся чэмпіёнам Еўропы ў кожным і прызёрам у асабістым заліках. У старэйшых класах, калі стаў рыхтавацца да ўступных экзаменаў у ВНУ, давялося пакінуць любімае захапленне.

Праца ў МНС заўсёды прыцягвала спартыўнага і моцнага маладога чалавека. Ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь і стаў выратавальнікам пажарнай часці ў родным горадзе. Тут Ілья Лукавец і вярнуўся да спорту. Толькі ўжо да іншага...

— Спачатку проста абараняў гонар свайго падраздзялення на абласных спаборніцтвах па плаванні, прымаў удзел у спаборніцтвах сярод вадалазаў-ратавальнікаў. Наша каманда нават станавілася чэмпіёнам у гэтым відзе. А потым у вольны ад працы час я пачаў хадзіць у Палац водных відаў спорту «Садко», запісаўся ў трэнажорную залу. Тут мяне і заўважыў трэнер па бодзібілдынгу Юрый Мелешка. Запрасіў на заняткі, — распавядае малады чалавек. — Спачатку гэтая ідэя здалася мне бескарыснай — шмат негатыўных міфаў ходзіць пра культурыстаў і пра гэты спорт у цэлым. Спаборніцтвы, на якія я разам з Юрыем Альбертавічам адправіўся ў якасці гледача, змянілі маё меркаванне, а потым і жыццё ў цэлым.

Літаральна праз год пачатковец бодзібілдар прывёў сябе ў форму, якая дазволіла яму прымаць удзел у спаборніцтвах. Колькі іх ужо было! Сярод самых памятных — аматарскі турнір у Маскве «Алімпія», дзе ён прызнаны бронзавым прызёрам у катэгорыі да 100 кілаграмаў. Ну і, вядома ж, чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь. Абсалютным чэмпіёнам краіны ён стаў ужо другі раз.

— У планах на будучыню — заваяваць міжнародныя арэны, асіліць самую цяжкую катэгорыю — больш за 100 кілаграмаў. Ёсць шмат прэстыжных чэмпіянатаў. У тым ліку — арганізаваны Арнольдам Шварцэнэгерам у ЗША, — дзеліцца супрацоўнік МНС.

Нядаўна Ілья ажаніўся. Жонка — яго падтрымка. Прычым як дома, так і на спаборніцтвах. Яна і з дзяжурства сустрэне, і з рэжымам харчавання дапаможа, і ў трэнажорную залу за кампанію збягае, ну і, вядома ж, пабалее ад душы на чэмпіянаце.

— Фізічная падрыхтоўка, мэтанакіраванасць, загартоўка, вытрымка — усе гэтыя якасці дапамагаюць мне і на працы, і на спартыўнай арэне. Падтрымка і разуменне родных, сяброў і калег натхняюць на новыя дасягненні. Я ўдзячны ўсім!

Дыяна СІМОНОВІЧ, "Віцьбічы"