Пажылыя жыхары Віцебскай вобласці могуць разлічваць на дапамогу сацыяльных службаў, асабліва ў перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Сёння любы пажылы жыхар вобласці, які не можа самастойна выйсці ў аптэку за лекамі ці ў краму за прадуктамі, можа разлічваць на тэрміновую дапамогу сацыяльных службаў, асабліва ў перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Пра гэта распавяла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Святлана Казлова.

— З канца сакавіка камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізавана дзейнасць па прафілактыцы COVID-­19 для абароны пажылых людзей (у вобласці іх 276 тысяч, з іх каля 20 тысяч адзінокіх і каля 140 самотна пражываючых), — патлумачыла Святлана Віктараўна. — З гэтага часу арганізавана дастаўка прадуктаў, медыкаментаў, прадуктаў першай неабходнасці. Яе ажыццяўляюць работнікі тэрытарыяльных цэнтраў, прадстаўнікі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, БРСМ, сельскіх выканкамаў, прафсаюзных арганізацый, аддзяленняў сувязі. Наладжваецца супрацоўніцтва з гандлёвымі арганізацыямі. За ўвесь перыяд ужо выканана звыш 10000 заявак.

Заяўку на аказанне падобных паслуг можна падаць у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства. На працягу двух­-трох дзён тавары першай неабходнасці даставяць людзям непрацаздольнага ўзросту (у першую чаргу ветэранам, інвалідам 1-­й і 2-­й груп, а таксама тым, хто знаходзіцца на самаізаляцыі).

На сайтах тэрытарыяльных цэнтраў арганізавана анлайн­-кансультаванне, размешчаны рэкамендацыі па адаптыўнай фізічнай культуры для асоб старэйшага ўзросту, прафілактыцы COVID-­19. Супрацоўнікі Віцебскага медыцынскага дзяржаўнага ўніверсітэта ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне пажылых грамадзян, якія маюць магчымасць навучацца, не выходзячы з дома, зайшоўшы ў адпаведныя раздзелы сайтаў. У кожным ТЦСАН працуе колл­-цэнтр, куды можна патэлефанаваць па праблемным пытанні.

"Віцьбічы".