Практычна поўная замена расійскіх нафтапрадуктаправодаў павінна адбыцца ў Беларусі да 2012 года

6 жніўня, Мінск /Аляксей Букчын - БЕЛТА/. Прадпрыемства "Захадтранснафтапрадукт" плануе правесці практычна поўную замену сваіх нафтапрадуктаправодаў, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі, да 2012 года. Пра гэта журналістам паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Энвер Барыеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па тэрыторыі рэспублікі праходзяць два ўчасткі расійскіх нафтапрадуктаправодаў "Унеча-Вентспілс" і "Унеча-Роўна". Што тычыцца ўстаранення непаладак на нафтапрадуктаправодзе "Унеча-Вентспілс", Энвер Барыеў канстатаваў, што работы вядуцца планава, у адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі. "Мы знайшлі гнуткі, узаемна прымальны варыянт ліквідацыі недахопаў, які дазваляе ўстараняць дэфекты і пры гэтым не парушае дамоўленасцей уладальніка трубаправода па транспарціроўцы дызельнага паліва яго партнёрам", - сказаў Энвер Барыеў. Ён дадаў, што ў цяперашні час ціск у трубаправодзе мінімальна магчымы для транспарціроўкі, а пасля ўстаранення недахопаў ціск можна будзе падняць. Міністр таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час чакаецца прыбыццё ў Беларусь зноў прызначанага гендырэктара "Захадтранснафтапрадукта". -0-