Практыка на вытворчасці павінна займаць львіную долю вучобы - Мікалай Шарснёў
Пра гэта заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на абласной канферэнцыі работнікаў адукацыі і навукі ў Віцебску. Практычнае навучанне на вытворчасці павінна займаць львіную долю вучэбнага працэсу.
Актуальным пытаннем у новым навучальным годзе застанецца правядзенне сістэмнай і мэтанакіраванай работы па прафарыентацыі навучэнцаў. Галіны эканомікі маюць патрэбу ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй для ўстаноў аховы здароўя, АПК і сферы прарыўных тэхналогій, але перш за ўсё ў кваліфікаваных рабочых кадрах. Гэтыя задачы прызвана вырашаць сістэма прафесійнай адукацыі.
"Для гэтага неабходна ўдасканаліць падыходы да размеркавання патокаў выпускнікоў базавай і сярэдняй школ. Трэба кардынальна палепшыць забеспячэнне ўстаноў прафадукацыі сродкамі навучання, стварыць умовы для падрыхтоўкі спецыялістаў на ўзроўні патрабаванняў найноўшых вытворчых тэхналогій", - сказаў Мікалай Шарстнёў.
Ён дадаў, што галоўнаму ўпраўленню па адукацыі аблвыканкама да 1 студзеня 2019 года неабходна распрацаваць і ўкараніць абласную праграму па ранняй прафарыентацыі навучэнцаў і папулярызацыі рабочых прафесій у 7-9 класах. "Сёння магу назваць дастаткова эфектыўнай працу па стварэнні рэсурсных цэнтраў у Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным і Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжах. Падобныя цэнтры трэба адкрываць на базах Высокскага прафліцэя і Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа. Для вырашэння пытанняў узаемадзеяння ўстаноў прафадукацыі з галінамі сацыяльна-эканамічнага комплексу і арганізацыямі-заказчыкамі кадраў аблвыканкамам праведзены адпаведныя нарады і семінары. У працэсе вучобы маладых людзей трэба прылучаць да рэалій вытворчасці. Практычнае навучанне на прадпрыемствах павінна займаць львіную долю вучэбнага працэсу. Так, па ініцыятыве аблвыканкама распрацавана і ўзгоднена новая вучэбная дакументацыя па падрыхтоўцы механізатараў з павелічэннем вытворчай практыкі да пяці месяцаў. З 1 верасня мы будзем вучыць моладзь ужо па новых праграмах. Эканоміцы патрэбны практыкі, а не тэарэтыкі", - падкрэсліў кіраўнік вобласці.
Па яго словах, падрыхтоўка высокакласных спецыялістаў для прадпрыемстваў, іх замацаванне ў рэгіёне і наступная праца для росту эканомікі - найважнейшы напрамак працы ўсіх зацікаўленых. Традыцыйнымі сталі перамогі навучэнцаў вобласці на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы, геаграфіі, хіміі.
"Радуе, што выраслі паказчыкі якасці адукацыі па выніках алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, палепшыліся вынікі ЦТ. Але гэта не нагода для самазаспакаення: 4 ці 5 месца сярод абласцей нас не задавольвае. Безумоўна, гэта не робіцца за год, але другімі ў краіне мы можам стаць і станоўчая дынаміка для дасягнення гэтай мэты павінна быць", - рэзюмаваў Мікалай Шэрстнёў, падзякаваўшы педагогаў за працу і павіншаваўшы з надыходзячым Днём ведаў.
Сёння ў Віцебску прайшла абласная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі. Яна сабрала больш за 1 тыс. педагогаў і гасцей мерапрыемства. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў былі вынікі падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага сезона, вынікі мінулага навучальнага года, а таксама задачы ў працы на будучыню.