Практыка правядзення Дзён цвярозасці атрымае шырокае распаўсюджванне ў Віцебскай вобласці

2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Практыка правядзення Дзён цвярозасці ў Віцебскай вобласці атрымае шырокае распаўсюджванне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Рычард Малец. Паводле яго слоў, яны будуць праводзіцца некалькі разоў у другі месяц кожнага квартала, а таксама ў іншы час па рашэнні органаў мясцовай улады. Як правіла, у гарадскіх і сельскіх крамах у такія дні будзе забаронена або абмежавана рэалізацыя спіртных напояў. У працоўных калектывах, навучальных установах плануецца праводзіць тэматычныя сустрэчы з удзелам медработнікаў, прадстаўнікоў праваахоўных ведамстваў і іншых службаў. Рычард Малец адзначыў, што Дні цвярозасці таксама ўваходзяць у склад шматлікіх мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Яны будуць праводзіцца ў Беларусі да 25 лютага. У гэты час адбудзецца маніторынг і будуць арганізаваны з прафілактычнай мэтай сустрэчы з сямейнымі скандалістамі, асобамі, якія пакутуюць на алкагольную залежнасць, і раней судзімымі. Пры гэтым кожны канкрэтны выпадак будзе разглядацца ў індывідуальным парадку для прыняцця мер рэагавання. "Пры неабходнасці гэтым асобам будзе аказана дапамога ў працаўладкаванні, прынята рашэнне аб накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, прыцягненні да крымінальнай адказнасці або ўстаноўлены за імі дадатковы кантроль", - растлумачыў суразмоўца. Асобныя мерапрыемствы накіраваны на выяўленне сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з мэтай абароны правоў дзяцей. Для гэтага будзе праведзены маніторынг сярод педагогаў і навучэнцаў школ. Для прафілактыкі правапарушэнняў у бытавой сферы плануецца правесці шырокую інфармацыйную работу сярод дарослага насельніцтва і моладзі, арганізаваць культурна-спартыўныя мерапрыемствы. У іх ліку выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля УУС Віцебскага аблвыканкама, графік гастроляў якога па гарадах і раёнах рэгіёна ўжо распісаны. У ходзе правядзення мерапрыемстваў асаблівая ўвага будзе ўдзелена насельніцтву сельскай мясцовасці. Гэта абумоўлена тым, што ў 2008 годзе ў Віцебскай вобласці на вёску прыпала 67% злачынстваў, учыненых на бытавой глебе, дадаў Рычард Малец.-0-