Урад Беларусі распрацаваў праграму па стабілізацыі эканомікі

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі распрацаваў праграму па стабілізацыі эканомікі. Аб гэтым 20 мая паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, праграма разгледжана экспертамі краін ЕўрАзЭС і 19 мая ў Мінску была ўзгоднена з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. "Што тычыцца валютнай палітыкі, то адпрацавана дакладная праграма стабілізацыі. Гэтая праграма не толькі наша, яна прайшла сур'ёзную міжнародную экспертызу. Праграма падтрымана нашым галоўным гандлёвым партнёрам - Расійскай Федэрацыяй", - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі. Ён таксама дадаў: "І мы, нават не чакаючы першых валютных паступленняў (першага транша крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. - Заўвага. БЕЛТА), пачнём яе рэалізоўваць ужо з наступнага тыдня. Аб гэтым мы дамовіліся з Уладзімірам Пуціным. Вельмі падрабязна мы гэту тэму абмяркоўвалі і з Аляксеем Кудрыным". Міхаіл Мясніковіч паведаміў: "19 мая мы фактычна ўзгаднілі з кіраўніцтвам урада Расійскай Федэрацыі так званую матрыцу, дзе прадугледзелі адпаведныя абавязацельствы беларускага боку і адпаведную крэдытную падтрымку з боку Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Плануецца, што ў канцы мая - пачатку чэрвеня будуць прыняты адпаведныя рашэнні, на падставе якіх будуць прадастаўлены знешнія запазычанні". "Першы транш крэдыту ацэньваецца ў $800 млн, недзе на пачатку восені будзе другі транш, крыху больш за $400 млн", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі. Крэдытная падтрымка разлічана на тры гады і складзе ў выніку $3 млрд. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ўсе падыходы па прадастаўленні такой падтрымкі бакамі ўзгоднены. "Але гэта не тыя сродкі, якія могуць стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку. Для гэтага неабходны сур'ёзныя ўласныя рашэнні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак", - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі. Паводле яго слоў, гэтыя рашэнні "вызначаць свайго роду "дарожную карту", каб падысці дастаткова падрыхтаванымі і выканаць неабходныя працэдуры". У першую чаргу гэта датычыцца скарачэння грашовай прапановы. "Я ўпэўнены, што для прадухілення спекулятыўных нападаў на рубель будзе створана падушка бяспекі, у тым ліку запазычанымі сродкамі. Работа ў гэтым напрамку праводзіцца", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час будзе ажыццяўляцца ўніфікацыя курса нацыянальнай валюты. Гэта будзе адбывацца ў два этапы. "На першым этапе будуць прыняты рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фарміравацца на падставе попыту і прапановы, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль прысутнічаюць", - сказаў прэм'ер-міністр. Пры гэтым ён дадаў: "Я зусім не выключаю, бо эканоміка працуе дастаткова ўстойліва, што можа быць нават рэвальвацыя абменнага курса беларускага рубля". Такім чынам, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, ніякіх нявырашаных пытанняў сёння зусім няма. "Усё прэтэнцыйна ясна: у якія тэрміны і якія рашэнні прымаць. Мы ўсё гэта ведаем", - сказаў ён. Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў, што ў маі насельніцтва стала прадаваць валюты больш, чым купляць у абменных пунктах. "Хоць і невялікае, але станоўчае сальда маецца. За 18 дзён мая яно склала $34 млн", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.-0-