Урад Беларусі ўстанавіў персанальную адказнасць за кантроль і каардынацыю працы з інвестарамі
14 красавіка, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. На працягу трох дзён павінна забяспечвацца правядзенне перамоваў з інвестарам, які прэтэндуе на заключэнне інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь, пры яго звароце ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, іншую дзяржаўную арганізацыю, падпарадкаваную ўраду, абласны (Мінскі гарадскі) выканаўчы камітэт. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў 9 красавіка 2010 года №538 "Аб некаторых пытаннях работы са зваротамі інвестараў у Рэспубліцы Беларусь", паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Дакумент прыняты для ўзмацнення кантролю работы са зваротамі інвестараў у сувязі з часцейшымі выпадкамі непрыняцця па іх аператыўных рашэнняў, скарачэння тэрмінаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і ў развіццё пастановы Савета Міністраў ад 6 лістапада 2009 г. №1449 "Аб мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 г. №10".
Пастановай таксама прадугледжваецца, што на працягу двух дзён пасля правядзення перамоваў пратакол аб гэтым павінен быць накіраваны ў Савет Міністраў. У пратаколе павінны быць вызначаны абавязкі рэспубліканскага органа дзяржкіравання, абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, інвестара, а таксама адказныя выканаўцы і тэрміны выканання, якія не перавышаюць аднаго месяца з даты звароту інвестара.
Кантроль і каардынацыя работы з інвестарамі ў Савеце Міністраў Беларусі па аб'ектах прамысловасці, паліўна-энергетычнага комплексу ўскладзены на першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашку. Па аб'ектах аграпрамысловага комплексу, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, лясной гаспадаркі гэтыя функцыі ўскладзены на намесніка прэм'ер-міністра Івана Бамбізу, жыллёвага будаўніцтва, будаўнічага комплексу, сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркі - на намесніка прэм'ер-міністра Віктара Буру, гандлю і лагістыкі - на намесніка прэм'ер-міністра Андрэя Кобякава, сацыяльна-культурнай сферы, аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва, спорту (у тым ліку па аб'ектах, звязаных з правядзеннем чэмпіянату свету 2014 года) - на намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Патупчыка.
Таксама пастановай Саўміна ускладзена персанальная адказнасць за выкананне тэрмінаў выканання пратаколаў на кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў. Віцэ-прэм'ерам неабходна забяспечыць кантроль за выкананнем тэрмінаў, вызначаных пратаколамі, і ў выпадку зрыву гэтых тэрмінаў уносіць прапановы аб прыцягненні да адказнасці вінаватых.-0-