Урад Татарстану запрашае прадпрыемствы Беларусі актыўней асвойваць электронныя гандлёвыя пляцоўкі
10 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Урад Татарстана запрашае прадпрыемствы Беларусі больш актыўна асвойваць іх электронныя гандлёвыя пляцоўкі. Аб гэтым сёння заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Татарстан Равіль Муратаў на сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Татарстане дзейнічае адна з трох, створаных у Расійскай Федэрацыі, электронных гандлёвых пляцовак, дзе ў рэжыме рэальнага часу праводзяцца таргі, у тым ліку і па дзяржаўным заказе, расказаў Равіль Муратаў. На яго думку, беларускаму і татарстанскаму бакам пара перагледзець структуру таваразвароту.
З Віцебскай вобласці ў Татарстан пастаўляюцца прадукты нафтаперапрацоўкі, на долю якіх прыпадае каля 55% экспарту ў расійскі рэгіён. Акрамя таго, асноўнымі экспарцёрамі ў Рэспубліку Татарстан з'яўляюцца акцыянернае таварыства "Полацк-Шкловалакно", Віцебскі завод электрапрыбораў, які пастаўляе прыборы і апаратуру для вымярэння і кантролю, тэлезавод "Віцязь". У бягучым годзе пачаліся пастаўкі дываноў акцыянернага таварыства "Віцебскія дываны". Асноўным імпарцёрам з татарстанскага рэгіёну з'яўляецца замежнае прадпрыемства "Чэс-Бел", якое імпартуе лёгкія дыстылятары. Акрамя таго, у Віцебскую вобласць з расійскага рэгіёну паступаюць прадукты для прыгатавання соусаў, лекавыя сродкі, трубы і шлангі з вулканізаванай гумы, звадкаваны прапан.
Першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Новацкі адзначыў, што перапрацоўчыя прадпрыемствы мяса-малочнай галіны, харчовай прамысловасці выказваюць гатоўнасць да супрацоўніцтва з татарстанскімі таваравытворцамі. Размова ідзе аб плодаагароднінных кансервах, кандытарскіх вырабах і сухіх сняданках.
Паводле даных камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, за 9 месяцаў бягучага года аб'ём знешняга гандлю вобласці з Рэспублікай Татарстан склаў $16,3 млн. і павялічыўся да аналагічнага перыяду мінулага года ў тры разы. Экспарт склаў $5,8 млн., імпарт перавысіў $10 млн.
Дэлегацыя Рэспублікі Татарстан прыбыла ў Віцебскую вобласць для ўдзелу ў адкрыцці памятнага знака ў гонар воінаў-татарстанцаў, якія загінулі пры абароне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ходзе візіту адбудзецца знаёмства з славутасцямі Віцебска, запланавана наведванне свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".-0-