Праваахоўнікі на "Славянскім базары ў Віцебску" будуць дзяжурыць кругласутачна
"Для нясення службы ў такім напружаным рэжыме, улічваючы ўмовы надвор'я, да нас прыбудуць нашы калегі з іншых рэгіёнаў: па лініі дарожнай бяспекі, патрульна-паставыя нарады. Арганізацыя гэтай работы будзе ўзята на асаблівы кантроль", - адзначыў Андрэй Любімаў.
"Славянскі базар" прыме каля 5 тыс. удзельнікаў і гасцей з 33 краін, таму бяспека прыбылых стане пытаннем нумар адзін для праваахоўнікаў. Усе 30 пляцовак, дзе будуць праходзіць фестывальныя мерапрыемствы, стануць зонамі павышанай увагі міліцыянераў. На галоўную канцэртную пляцоўку - Летні амфітэатр - можна будзе патрапіць, прайшоўшы праз адзін з пастоў, дзе будуць несці службу супрацоўнікі і супрацоўніцы віцебскага АМАПа. Усяго абсталююць 36 такіх пастоў. Для ветэранаў, пенсіянераў, цяжарных жанчын і бацькоў з дзецьмі будуць арганізаваны асобныя прапускныя пункты, пазначаныя спецыяльнымі таблічкамі. Усе пункты пропуску да фестывальнай сцэны будуць абсталяваны камерамі відэаназірання.
Акрамя аховы фестывальных аб'ектаў, супрацоўнікі УУС будуць кругласутачна патруляваць вуліцы, у тым ліку "Горад майстроў" і пешаходныя зоны, дзе размесцяцца падворкі.
Кругласутачнае дзяжурства будзе забяспечана ў падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі. "На сённяшні дзень ужо зарэгістравана каля 300 чалавек, якія прыбылі з іншых краін", - распавёў Андрэй Любімаў. Ён дадаў, што распараджэннем Прэзідэнта госці фестывалю вызвалены ад выплаты дзяржпошліны за рэгістрацыю часовага знаходжання. Калі грамадзянам іншых краін захачацца застацца ў гасціннай Сінявокай больш за 10 дзён, то ім неабходна будзе зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы знаходжання або праз партал электронных паслуг portal.gov.by.
Яркай падзеяй фестывалю стане акцыя МУС "За бяспеку разам". На працягу чатырох дзён на розных пляцоўках Віцебска будуць праводзіцца інтэрактыўныя гульні, выставы, выступленні творчых калектываў МУС, паказальныя выступленні кінолагаў са службовымі сабакамі і іншыя цікавыя мерапрыемствы. "Той, хто наведае ўсе пляцоўкі, размесціць фота ў сацсетках з хэштэгам #ЗАБЕЗОПАСНОСТЬВМЕСТЕ і падпішацца на афіцыйныя акаўнты МУС у "ВКонтакте" і Instagram, 18 ліпеня зможа стаць удзельнікам розыгрышу галоўнага прыза - горнага ровара", - адзначыў кіраўнік УУС аблвыканкама.