Праваахоўныя органы маюць намер зноў прыцягнуць верталёт да пошукаў зніклых у Віцебску хлопчыкаў
1 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праваахоўныя органы Віцебска абследавалі ўвесь жылы масіў у мікрараёне, дзе больш за тыдзень таму прапалі два хлопчыкі Ігар Галімскі і Улад Юраў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Чыгуначнага РАУС Віцебска Аляксандр Чарняўскі.
"На жаль, мы не знайшлі ніводнага чалавека, які бачыў бы дзяцей са схожымі прыметамі, аднак пошук не спыняецца ні на хвіліну", - канстатаваў начальнік РАУС. Супрацоўнікі міліцыі працягваюць пошук хлопчыкаў па ўсім Віцебску, у прыгарадных вёсках і дачных пасёлках, у лясных масівах. Улічваючы, што дзеці пражываюць у раёне Заходняй Дзвіны, дно ракі штодня абследуюць дзве брыгады вадалазаў. Цяпер яны вядуць пошук уніз па цячэнні. Па словах Аляксандра Чарняўскага, супрацоўнікі праваахоўных органаў зноў маюць намер прыцягнуць верталёт да вывучэння тэрыторыі з паветра.
Аб'явы аб вышуку дзяцей развешаны па ўсім Віцебску, іх расклейвалі ў тым ліку добраахвотнікі. Сёння на многіх улётках з'явіліся прыпіскі маркерам: "Пошукі працягваюцца". У сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" створана група па пошуку дзяцей. Словы спачуцця ў адрас няшчасных бацькоў прыходзяць не толькі з Віцебска, але і з усёй Беларусі. Аб бядзе ведаюць і стараюцца падтрымаць бацькоў адрасаты з Масквы, Адэсы, Рыгі і нават Уладзівастока.
Разам з тым бацькі настойліва просяць добраахвотнікаў адмовіцца ад самастойных пошукаў.
Як паведамлялася, сігнал аб прапажы двух дзяцей - Галімскага Ігара і Юрава Уладзіслава 2002 і 2003 гадоў нараджэння - паступіў у Чыгуначны РАУС Віцебска ў восьмай гадзіне вечара 24 сакавіка. Па словах бацькоў, дзеці прыйшлі з гімназіі, каля 15.00 пайшлі гуляць і не вярнуліся. Па трывозе адразу ж быў падняты ўвесь асабісты склад РАУС, затым да пошуку падключыўся асабісты склад Віцебскага гарнізона ўнутраных спраў, праводзіўся аблёт тэрыторыі на верталёце. Арыенціроўку на іх разаслалі ва ўсе райаддзелы міліцыі і перадалі кіроўцам рэйсавых аўтобусаў.-0-