Праваахоўныя органы пашырылі радыус пошуку зніклых у Віцебску хлопчыкаў
28 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чацвёртыя суткі праваахоўныя органы Віцебска працягваюць пошук двух хлопчыкаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Чыгуначнага РАУС Віцебска Аляксандр Чарняўскі.
Радыус пошукаў пашыраны, да яго падключаны салдаты тэрміновай службы ўнутраных войскаў. Акрамя мікрараёна, дзе пражываюць дзеці, іх шукаюць па ўсім горадзе, у прыгарадных вёсках, дачных пасёлках. Вадалазы абследуюць дно ракі Заходняя Дзвіна. Валанцёры таксама аказваюць пасільную дапамогу. Аб'явы аб знікненні развешаны па ўсім горадзе. "Пошук школьнікаў не спыняецца ні на хвіліну і будзе працягвацца, пакуль яны не будуць знойдзены", - запэўніў начальнік РАУС.
Мама аднаго з хлопчыкаў спадзяецца, што дзеці адправіліся ў падарожжа. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте". На гэту ж старонку ёй прыходзяць паведамленні ад тых, хто бачыў падобных па прыкметах дзяцей, нямала людзей тут выказваюць словы падтрымкі няшчасным бацькам і прапануюць дапамогу ў розыску.
Як паведамлялася, сігнал аб знікненні двух дзяцей - Галімскага Ігара і Юрава Уладзіслава 2002 і 2003 гадоў нараджэння - паступіў у Чыгуначны РАУС Віцебска ў восьмай гадзіне вечара 24 сакавіка. Па словах бацькоў, дзеці прыйшлі з гімназіі, каля 15 гадзін пайшлі гуляць і не вярнуліся.
Па трывозе адразу ж быў падняты ўвесь асабовы склад РАУС – каля 150 чалавек, затым да пошуку падключыўся асабовы склад Віцебскага гарнізона ўнутраных спраў, таксама праводзіўся аблёт тэрыторыі на верталёце. З улікам таго, што дзеці пражываюць у мікрараёне недалёка ад Заходняй Дзвіны, вадалазы абследуюць дно ракі. Арыенціроўку на іх разаслалі ва ўсе райаддзелы міліцыі і перадалі кіроўцам рэйсавых аўтобусаў. -0-