Праваслаўныя вернікі адзначаюць Фалькавіцкую ікону Божай Маці
28 жніўня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Фалькавіцкую ікону Божай Маці.
Гэтая святыня была з'яўлена ў XVIII стагоддзі ў бярозавым гаі, на беразе ракі. На гэтым месцы быў узведзены храм у гонар Нябеснай Заступніцы. Рэвізійны запіс ад 1785 года называе Фалькавіцкую ікону Багародзіцы старажытнай і даўно вядомай сваімі міласцямі і цудатворнымі дзеяннямі. Ікона распаўсюджана ў храмах Віцебшчыны, але сустракаецца і ў іншых беларускіх храмах.
Яна праславілася шматлікімі вылячэннямі падчас эпідэмій халеры і абаронай ад заваёўнікаў. Цудатворная Фалькавіцкая ікона прадказала драматычныя падзеі Айчыннай вайны 1812 года, і тое, што ў горне вайны храм пацярпее ад французаў. Яна праславілася ў 1831 годзе падчас нечаканай эпідэміі халеры. Сабраўшыся ў царкве, людзі прасілі святара здзейсніць вакол мястэчка Фалькавічы хрэсны ход. Пасля таго, як на чале з Фалькавіцкай іконай Багародзіцы святар з вернікамі абышлі хрэсным ходам паселішча, смяротнасць ад эпідэміі спынілася. Слава аб цудатворнай іконе распаўсюдзілася па ўсёй Віцебшчыне і ў аддаленых краях. -0-