Праваслаўныя вернікі адзначаюць Праабражэнне Гасподняе

Православные верующие празднуют Преображение Господне

Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць адно з дванаццаці найважнейшых хрысціянскіх свят - Праабражэнне Гасподняе Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Яно ўстаноўлена за 40 дзён да Крыжаўзвіжання. Звязана з біблейскай падзеяй, калі Ісус, незадоўга да свайго распяцця, узышоў разам з трыма найбліжэйшымі вучнямі на Фаворскую гару памаліцца. Там ён паўстаў перад імі пераўтвораным, каб раскрыць ім сваю Боскую сутнасць. "І заззяла аблічча Яго як сонца, а адзенне Яго стала белым як снег і бліскучым як святло". Святое Евангелле кажа, што той, хто толькі дакранаўся да краю адзення Збаўцы, ужо вылечваўся ад сваіх хвароб. Сваім Праабражэннем Збаўца паказаў людзям, якімі стануць яны ў будучым жыцці, у Царстве Нябесным, і як ператворыцца тады ўвесь наш зямны свет.

З гэтым днём звязаны старажытны звычай - благаслаўляць плады новага ўраджаю. У Беларусі гэта, як правіла, яблыкі. Таму свята таксама называюць у народзе Яблычны Спас. У гэты дзень асвячэннем яблыкаў і мёду задобрываюць надыходзячую восень. Сярод усіх пладовых дрэў яблыня асабліва шануецца ва ўсходніх славян. Яна не толькі сімвалізуе жыццё, вечнасць і неўміручасць, лічылася, што яна можа надзяліць гэтым і чалавека, адарыўшы яго пладамі.

На Спас у многіх месцах асвечаныя ў царкве яблыкі неслі на могілкі, дзе кожнаму родзічу клалі на магілу па адным плодзе. "Спас" тлумачылі і па сугуччы з дзеясловам "спаць". Сцвярджалі, што зямля ў гэты дзень спіць, што трывожыць яе сон, а таму і працаваць нельга. У гэты дзень у старажытнасці прынята было адорваць збяднелых людзей усім, чым можна, са сабранага ўраджаю. Народная мудрасць кажа: "На Другі Спас і жабрак яблычка з'есць", "З Спаса-Праабражэння - надвор'е пераўтвараецца!", "Прыйшоў Другі Спас - бяры рукавіцы пра запас!".

Другі Спас яшчэ называюць Асенінамі. На яго прыпадае сустрэча восені. Ночы з гэтага дня становяцца халаднейшымі, пачынаецца адлёт буслоў. Калі буслы збіраліся на поўдзень за тыдзень перад Спасам, гэта азначала, што раней прыйдзе зіма, і яна будзе марознай, а вясна - цёплай; калі пасля Спаса восень акажацца цёплай, зіма будзе позняй, а вясна - халоднай.