Праваслаўныя вернікі Віцебска сустрэлі Раство

Православные верующие Витебска встретили Рождество
Праваслаўныя вернікі адзначылі Раство Хрыстова. Гэтае свята лічыцца самым галоўным пасля Светлага Васкрэсення. Яму, як і Пассе, папярэднічае шматдзённы пост, які заклікае да добрых спраў, малітвы, чытання і разважання пра духоўныя рэчы. Пост называюць вясной для душы, якая квітнее да вялікіх хрысціянскіх святаў.

Многія вернікі Віцебшчыны сустрэлі Раство ў храмах, якія ўпрыгожылі елкамі і Віфлеемскай зоркай. Службы прайшлі ва ўсіх больш чым 150 цэрквах і саборах вобласці. У галоўным храме Віцебскай епархіі – Свята-Успенскім кафедральным саборы – Боскую літургію ўзначаліў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Былі таксама зачытаны Ражственскія пасланні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы, у прыватнасці, адзначыў, што хрысціянская місія – тварыць дабро не ад выпадку да выпадку, а пастаянна. «У нашых сілах, з дапамогай Божай, здзяйсняць добрыя справы кожны дзень», – падкрэсліў мітрапаліт.

З раніцы 7 студзеня прышэсце свята сустракалі звановым звонам. А апоўдні ў Свята-Успенскім кафедральным саборы прайшоў урачысты малебен, які таксама ўзначаліў архіепіскап Дзімітрый. У завяршэнне набажэнства кіраўнік епархіі павіншаваў вернікаў з Ражджаством Хрыстовым, нагадаўшы, што гэта свята міласэрнасці і дабра, і сустракаць дзень нараджэння Збавіцеля трэба з чыстымі думкамі, з адкрытай душой і любоўю.

– Важна памятаць, што Гасподзь прыйшоў дзеля кожнага з нас. Нясіце заўсёды ў сэрцы сваім ласку Божую. Няхай Бог любові і міру будзе з вамі! – звярнуўся ўладыка да праваслаўных.

Павіншаваць духавенства і прыхаджан прыйшлі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін і іншыя афіцыйныя асобы. Уладзімір Цярэнтаў падзякаваў архіепіскапа Дзімітрыя за яго тытанічную працу на карысць праваслаўнай царквы і паднёс яму букет белых руж. Кіраўнік дэпутацкага корпуса пажадаў усім дабра, цяпла сямейнага ачага.

– У гэтыя светлыя дні трэба памятаць пра тых, хто сутыкнуўся з жыццёвымі праблемамі і мае патрэбу ў дапамозе. Не трэба гнацца за матэрыяльнымі дабротамі, варта больш думаць пра духоўнае багацце і дзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў з бліжнімі, – адзначыў Уладзімір Цярэнтаў.

Дванаццаць дзён ад Ражджаства Хрыстова да Хрышчэнскага свята лічацца святымі. Ражствоўскія святкі ў царкоўным календары – важнае зімовае свята. У гэтыя дні прынята наведваць родных людзей, прыходзіць у госці з віншаваннямі і падарункамі. А яшчэ дзякаваць блізкіх за клопат і любоў.

"Віцебскія весці".