Прававыя інспекцыі прафсаюзаў Віцебскай вобласці прадухілілі звальненне з парушэннямі 245 работнікаў

2 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Прававыя інспекцыі прафсаюзаў Віцебскай вобласці за 2005-2009 гады прадухілілі звальненне з парушэннямі 245 работнікаў, яшчэ 44 чалавекі, звольненыя незаконна, былі адноўлены на працы. Пра гэта паведаміў сёння старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Цылеў на абласной справаздачнай канферэнцыі прафсаюзаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў праваабарончай дзейнасці прафсаюзаў. У прафсаюзных арганізацыях вобласці працуюць дзесяць галоўных прававых інспектараў, а таксама 34 прававыя інспекцыі працы, 27 з якіх працуюць на пазаштатнай аснове. За пяцігадовы перыяд імі праведзена больш за 8,5 тыс. праверак выканання працоўнага заканадаўства, па выніках якіх выдадзена каля 5 тыс. прадпісанняў аб ліквідацыі звыш 22,5 тыс. выяўленых парушэнняў, дапушчаных наймальнікамі. Прававыя інспекцыі аказалі садзейнічанне 327 работнікам пры падрыхтоўцы дакументаў для звароту ў суд за абаронай сваіх правоў, прадстаўлялі інтарэсы ў судзе 64 чалавек. Пры падтрымцы прававых інспекцый работнікам вернута каля Br885 млн. незаконна ўтрыманых або невыплачаных грашовых сум.-0-