Святочныя мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя Марка Шагала пачнуцца ў Віцебску ў красавіку
23 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Святочныя мерапрыемствы ў гонар 125-годдзя Марка Шагала стартуюць на яго радзіме ў Віцебску ў красавіку. Аргкамітэт фестывалю зацвердзіў план мерапрыемстваў да юбілею мастака, у які ўвайшло каля чатырох дзясяткаў пунктаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.
Сярод мноства падзей, без сумневу, галоўнымі будуць XXII Шагалаўскія чытанні і непасрэдна дзень нараджэння Шагала. Шагалаўскія чытанні пройдуць з 9 па 10 чэрвеня і будуць прысвечаны гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча ў 1918-1923 гадах, якое адкрылася ў горадзе дзякуючы тагачаснаму ўпаўнаважанаму камісару па справах мастацтваў Віцебскай губерні Марку Шагалу. Заяўкі на ўдзел у чытаннях ужо даслалі мастацтвазнаўцы і шагалазнаўцы з Беларусі, Расіі, Латвіі, Францыі і Германіі.
Дзень нараджэння Шагала ў Віцебску будуць адзначаць 7 і 8 ліпеня. Напярэдадні, 6 ліпеня, у Мастацкім музеі Віцебска адкрыецца выстава адной карціны. Ёю стане прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея партрэт Шагала пэндзля Егуды Пэна - першага настаўніка Марка Шагала. Галоўнай падзеяй урачыстасцей стане свята на Пакроўскай вуліцы 7 ліпеня "У гасцях у Марка і Бэлы". Гасцей чакаюць тэатралізаваныя і цыркавыя прадстаўленні, урачыстае ўскладанне кветак, выстава-продаж эксклюзіўных сувеніраў, роспіс сцяны і літаратурна-музычная праграма ў падворку музея. У гэты дзень "Белпошта" правядзе спецгашэнне канверта і маркі да 125-годдзя Марка Шагала. На наступны дзень на цэнтральных пляцоўках горада будзе праходзіць пленэр-акцыя "Віцебск - горад мастакоў". Традыцыі выяўленчага мастацтва засталіся не толькі у мінулым Віцебска, але паспяхова развіваюцца і зараз - штогод факультэты двух ВНУ выпускаюць юных мастакоў, дызайнераў і мадэльераў, - на пленэр запрошаны майстры розных узростаў: ад вучняў дзіцячых мастацкіх школ да сфарміраваных майстроў.
Своеасаблівым прадмовай да ўсёй праграмы ўрачыстасцей стане частка IV Нацыянальнай выставы наіўнага мастацтва Insita-2012, якую Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці правядзе ў арт-цэнтры Марка Шагала ў пачатку красавіка. У экспазіцыю ўвойдуць работы майстроў у гонар Марка Шагала. Сярод іншых святочных падзей два пленэры: міжнародны студэнцкі і пленэр Віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў. Завершыцца юбілейны год выставай у Віцебскім мастацкім музеі пад назвай "Настаўнік і вучань", на якой будуць прадстаўлены работы настаўніка Марка Шагала - Егуды Пэна і самога мастака. Праўда, якія работы Шагала пакажуць у Віцебску, пакуль невядома: з музеямі - уладальнікамі работ вядуцца перамовы.
Святкаваць 125-годдзе Шагала будуць не толькі ў Віцебску. Юбілейную экспазіцыю прадставіць Трецякоўская галерэя, навуковая канферэнцыя пройдзе ў Эрмітажы.-0-