Святочная акцыя ў гонар Дня абаронцаў Айчыны адбылася ў Віцебску
Сёння да манумента на плошчы Перамогі вянкі і кветкі ўсклалі кіраўнікі вобласці і Віцебска, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый.
Гэтае свята з'яўляецца важным для кожнага грамадзяніна і патрыёта Беларусі. Нашы бацькі і дзяды доблесна абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ганарымся імёнамі герояў-землякоў Пятра Машэрава, Міная Шмырова, Льва Даватара, Аляксандра Гараўца, Аляксея Данукалава, Канстанціна Заслонава.
Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 127 воінам і партызанам – ураджэнцам Віцебскай вобласці. Высокія маральныя якасці, доблесць і мужнасць праяўлялі нашы салдаты і афіцэры ў гарачых кропках планеты ў пасляваенны час. Сучасная Рэспубліка Беларусь – мірная краіна.
Верныя традыцыям старэйшых пакаленняў воіны Узброеных Сіл надзейна ахоўваюць дзяржаўныя межы. Пры неабходнасці і тэрытарыяльная абарона Віцебскай вобласці паспяхова выканае пастаўленыя баявыя задачы.
Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у гонар загінуўшых герояў прагучаў трайны салют.