У Віцебску прайшло свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей
Пажарная тэхніка на базе ровараў і калясак, забег у сподніках, спаборніцтвы на прыцэльную «стральбу» з рукава, флэшмобы, конкурсы і журавлікі-арыгамі ад фонду «Адкрытыя сэрцы»… Усё гэта было на свяце ў Віцебску, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
Маштабнае і яркае мерапрыемства на плошчы Перамогі ў межах рэспубліканскай акцыі МНС «Не пакідайце дзяцей адных!» арганізавалі абласнае ўпраўленне МНС, БРСМ і філіял Белдзяржстраху па Віцебскай вобласці.
Які хлапчук не марыць пабыць за рулём пажарнай машыны? Ды і дзяўчаты, аказалася, не супраць пазнаёміцца са спецыяльнай тэхнікай. Хлопцы з задавальненнем забаўляліся на інтэрактыўных пляцоўках, прымяраючы на сябе прафесію ратавальніка, і зараблялі спецыяльныя купоны, якія маглі абмяняць на прызы.
Адны ў прафесійным рыштунку заваёўвалі вяршыні з некалькіх скрынак, іншыя не пабаяліся ўвайсці ў дымавую заслону і трапна накіраваць паток вады з пажарнага рукава ў спецыяльную мішэнь.
Тыя, хто не адважыўся, няхай нават пад наглядам прафесіяналаў, паўдзельнічаць у такіх экстрэмальных атракцыёнах, зараблялі запаветныя балы, завязваючы шнуркі ў крагах, збіраючы на хуткасць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, дэманструючы свае веды па правілах бяспечных паводзін на інфармацыйна-прапагандысцкай пляцоўцы «Ганарымся, што навучылі».
Паказальна, што ўбаку ад свята дзяцінства і бяспекі не засталіся нават малышы, якія яшчэ не ўмеюць самастойна хадзіць.
Яны разам з бацькамі-памочнікамі паўдзельнічалі ў забегу ў паўзунках. На старт выйшлі чатыры хлапчукі – Максім Пячонкін, Андрэй Юшкоўскі, Дзмітрый Глуткін, Павел Сямёнаў і юная лэдзі Анастасія Герашчанка, якая хутчэй за сваіх супернікаў пераадолела дыстанцыю і фінішавала першай. Як распавяла яе мама Вольга, аднагадовая пераможца сябруе са спортам, практычна з нараджэння яны займаюцца на спецыяльных фітнес-курсах для груднічкоў.
Самай відовішчнай часткай мерапрыемства стаў парад удзельнікаў адкрытага конкурсу-агляду «Пажарны аўтамабіль будучыні», сёлета ён праводзіўся другі раз.
– Мы крыху пашырылі рамкі конкурсу, дапусціўшы да ўдзелу не толькі дзіцячыя каляскі і трохколавыя ровары, але і педальныя аўтамабілі. Заяўкі падалі 13 экіпажаў, якія аформілі дзіцячы транспарт у стылі пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Абавязковы элемент дэкору – нумары экстранных службаў выратавання 101 ці 112, астатняе залежала ад фантазіі дызайнераў, – распавяла начальнік цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Наталля Туркова.
Са веданнем справы і разлічваючы на перамогу падышла да конкурсу сям'я Данілевіч. Летась кіроўца МНС Дзмітрый і яго жонка занялі трэцяе месца, таму старанна рыхтаваліся да сёлетняга, пераабсталяваўшы ровар малодшага Захара ў спецтэхніку, да дробязяў усё прадумалі, нават вогнетушыцель, лапату і форму для свайго юнага ратавальніка.
У межах свята таксама прайшла акцыя «Дзяцінства павінна быць у кожнага» дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Малышам уручалі паветраныя шары з сімволікай арганізацыі, а дарослым – журавоў-арыгамі з пажаданнямі і буклеты з інфармацыяй па прафілактыцы абортаў і абароне жыцця і здароўя яшчэ не народжаных дзяцей. Як распавёў намеснік дырэктара арганізацыі Іван Пузанаў, валанцёры такім спосабам хацелі звярнуць увагу на актуальныя пытанні дэмаграфічнай бяспекі краіны.
Наталля Камлёва. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».