Свята горада "Віцебску-1040!" пройдзе ў абласным цэнтры 27-29 чэрвеня

Праздник города "Витебску-1040!" пройдет в областном центре 27-29 июня

Свята горада "Віцебску-1040!" пройдзе ў абласным цэнтры 27-29 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.

Праграма мерапрыемстваў будзе вельмі насычанай і разнастайнай. Так, 27 чэрвеня адбудзецца адкрыццё помніка князю Альгерду і новага дзіцячага садка ў мікрараёне Медцэнтр. У Летнім амфітэатры будзе праведзена ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт "З Днём нараджэння, любімы горад!", а ўвечары - дыскатэка на плошчы Перамогі.

Суботні ж дзень пачнецца з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да манумента воінам вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам. Пасля гэтага арганізатары запрашаюць жыхароў горада і гасцей на святочную канцэртную праграму "Віцебск - горад юнацтва маё...". Таксама 28 чэрвеня плануецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ўраджэнцу Віцебска народнаму артысту СССР, кампазітару Марку Фрадкіну; пройдуць выстава рэтрааўтамабіляў, канцэрт "Служым роднаму гораду" і паказальныя выступленні Дэпартамента аховы. У парку Партызанскай славы адбудзецца ваенна-гістарычнае тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае 70-годдзю вызвалення горада. А на плошчы Перамогі будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма "Рытмы вечаровага Віцебска!", феерверк.

Моладзі будзе прысвечаны заключны дзень свята горада. Юнакі і дзяўчаты змогуць прыняць удзел у майстар-класах фітнес-клубаў, у велапрабегу, спартыўных спаборніцтвах. У праграме мерапрыемстваў выступленні ролераў, скейтэраў, прадстаўнікоў іншых альтэрнатыўных відаў спорту, а таксама паказальныя выступленні воінаў 103-й мабільнай брыгады і кінолагаў. Канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам таленавітай моладзі "Запалі сваю зорку", рок-канцэрт і масавы моладзевы танцавальны флэшмоб завершаць свята горада.

Алена Ціханава