Сьвята Перамогі выткана зь тысячаў подзьвігаў сыноў і дачок беларускага народу – А.Лукашэнка

9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску парад адкрыў святочныя мерапрыемствы ў гонар 66-й гадавіны Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Удзельнікамі мерапрыемства на плошчы Перамогі сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў культуры, спорту, органаў улады. "Для беларусаў Дзень Перамогі - асаблівае свята, якое сімвалізуе незалежнасць і свабоду нашай краіны. Яно саткана з тысяч подзвігаў сыноў і дачок беларускага народа", - падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, віншуючы гараджан і гасцей абласнога цэнтра. Перамога далася нялёгка, кожны дзень вайны - гэта прыклад гераізму і самаахвяравання тых, хто ваяваў на фронце і коваў перамогу ў тыле. 127 воінам і партызанам, ураджэнцам Віцебскай вобласці, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. "Сёння мы аддаём даніну памяці і павагі тым, хто цаной свайго жыцця заваяваў нам права жыць пад мірным небам на свабоднай зямлі, ушаноўваем герояў-вызваліцеляў, якія жывуць", - сказаў кіраўнік вобласці, адзначыўшы, што менавіта ветэраны з'яўляюцца духоўным аплотам беларускай нацыі. Клопат аб абаронцах Айчыны з'яўляецца ганаровым абавязкам і доўгам цяперашніх пакаленняў. У Віцебскай вобласці пражываюць 5,2 тыс. ветэранаў. Кожны з іх знаходзіцца ў полі зроку мясцовых органаў улады, моладзевых арганізацый, якія па меры неабходнасці дапамагаюць вырашаць ім усе неабходныя пытанні. Так, у мінулым годзе свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 64 ветэраны, яшчэ двое - у бягучым годзе. У поўным аб'ёме забяспечана арганізацыя медыцынскай дапамогі і абследавання гэтай катэгорыі насельніцтва, вырашаны пытанні тэлефанізацыі і іншыя дробныя праблемы. "Дапамога будзе ў поўнай меры аказвацца і надалей, а яе памер будзе вызначацца поспехамі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці", - падкрэсліў Аляксандр Косінец, нагадаўшы, што планы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці замацаваны рэгіянальнай праграмай інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця на 2011-2015 гады. Яе асноўныя прыярытэты накіраваны на фарміраванне эфектыўнай сацыяльна-арыентаванай эканомікі, нарошчванне тэмпаў яе росту, стварэнне прынцыпова новых вытворчасцей, прадпрыемстваў і галін, якія вырабляюць высокатэхналагічную прадукцыю. Рэалізацыя праграмы дазволіць дадаткова прыцягнуць у эканоміку вобласці больш Br40 трлн. інвестыцый. Мітынг на плошчы Перамогі працягнуўся канцэртам устаноў адукацыі. Масавыя гулянні разгарнуліся і на іншых пляцоўках абласнога цэнтра. Позна ўвечары галоўная плошча абласнога цэнтра зноў апынецца ў цэнтры ўвагі віцябчан - у 22.00 тут адбудзецца маляўнічы феерверк у гонар Вялікай Перамогі.-0-