Свята славянскай кухні пройдзе на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску"
19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Свята славянскай кухні абяцаюць зладзіць на юбілейным XX фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" яго арганізатары. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Упершыню на фестывалі ў межах выстаў работ дамоў рамёстваў і народных майстроў будуць прадстаўлены кулінарныя творы клубаў нацыянальных кухняў. Па словах Уладзіміра Цярэнтава, рыхтуецца цэлае свята славянскай кухні.
У сувязі са значным павелічэннем колькасці ўдзельнікаў выстаў рамёстваў нароўні з "Горадам майстроў" будзе працаваць "Беларуская падворка", якая размесціцца на пешаходнай вуліцы Суворава. Тут жа будзе працаваць вернісаж мастакоў пад адкрытым небам.
XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня 2011 года. Як чакаецца, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі 27 дзяржаў.-0-