«Свята ўраджаю-2009» правядуць беларускія прадпрыемствы ў Санкт-Пецярбургу
14 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выстава-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў "Свята ўраджаю 2009" пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 17-20 верасня з удзелам 15 прадпрыемстваў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аддзяленні БелГПП.
Для пашырэння ўласнай спажывецкай аўдыторыі і рэалізацыі прадукцыі ў паўночную сталіцу Расійскай Федэрацыі адправяцца прадстаўнікі прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і арганізацый спажывецкай кааперацыі, сярод якіх Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, Аршанскі мясакансервавы камбінат, Слуцкі і Бабруйскі мясакамбінаты.
Беларускія вытворцы прадэманструюць шырокі спектр харчовых тавараў, а таксама прадукцыі з лёну і вырабаў традыцыйных народных промыслаў. У ходзе кірмашу пройдуць дзелавыя перамовы з патэнцыйнымі расійскімі партнёрамі па пытаннях арганізацыі прамых паставак беларускіх тавараў на рынак Санкт-Пецярбурга. Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца стымуляванне экспарту і прасоўванне прадукцыі айчынных вытворцаў.
Падобныя мерапрыемствы ў Санкт-Пецярбургу праводзяцца Віцебскім аддзяленнем БелГПП на пастаяннай аснове, у пяці папярэдніх выставах-кірмашах прыняло ўдзел больш за 50 беларускіх вытворцаў. Акрамя таго, у 2009 годзе Віцебскае аддзяленне арганізавала шэраг аналагічных мерапрыемстваў у Смаленску, а таксама ўпершыню праведзена выстава-кірмаш у Пскове.
Арганізатарам выставы-кірмашу "Свята ўраджаю-2009" выступае Віцебскае аддзяленне БелГПП пры падтрымцы адміністрацыі Фрунзенскага раёна Санкт-Пецярбурга.-0-