Свята вішні ў шосты раз адзначылі ў Глыбокім
У райвыканкаме адбылася цёплая сустрэча дэлегацый Беларусі, Латвіі, Расіі, Літвы, Польшчы, Грузіі, Украіны і Францыі. Прадстаўнікі Францыі паабяцалі, што ў наступным годзе прывязуць з сабой калектыў акардэаністаў са старадаўнімі песнямі. Яны таксама запрасілі кіраўніка Глыбоцкага раёна Алега Морхата да сябе на конкурс баяністаў, таму што азнаёмлены з музычнымі талентамі старшыні райвыканкама. Алег Морхат паабяцаў падумаць над прапановай.
На цэнтральнай пляцоўцы форуму прайшла тэатралізаваная праграма. Перад яе пачаткам старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў павіншаваў усіх са святам. "У Віцебскай вобласці праходзіць найбольшая колькасць фестываляў, і ўсе яны розныя. У наступным годзе адзначым 52-ю гадавіну свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы", шэраг фестываляў у Віцебску, Паставах і Дубровне набліжаюцца да мяжы ў 30 гадоў. Прарыўным і іскрыстым з'яўляецца фестываль у Глыбокім. Напэўна, няма такога форуму ў Беларусі, які б, з'явіўшыся ў 2013 годзе як рэгіянальны, ужо на пятым годзе існавання атрымаў статус міжнароднага. Гэта сведчыць аб тым, што ён не проста вырас, а стаў годным таго, каб пра яго"гаварылі і за мяжой нашай краіны", - падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў. Ён дадаў, што кіраўніцтва рэгіёна будзе цалкам падтрымліваць фестываль.
Агляд-конкурс падворкаў "Вішнёвы
рай", дзе прадстаўлены разнастайныя смакаты з вішні (нават клёцкі з гэтай
ягадай) праводзяць арганізатары. У параўнанні з мінулым годам у цяперашнім добра
ўрадзіла вішня, таму страў і напояў з яе мноства. Гасцінныя гаспадары
падворкаў не перастаюць здзіўляць. У Глыбокім арганізавана і выстава-кірмаш
работ народных майстроў. Прыехалі ў трэці раз у вішнёвую сталіцу сужэнцы
Альгердас і Раса Брэйдокас з Літвы. Яны займаюцца пляценнем паясоў па
тэхналогіях XVI стагоддзя. У сярэднім на адну працу сыходзіць каля двух-трох дзён.
"У паясы ўкладзена і душа, і час.
Уручную зроблены ніткі і афарбаваны натуральнымі расліннымі фарбамі. Наша
задача - зацікавіць моладзь і навучыць гэтаму рамяству. Дарэчы, адна дзяўчына
з Дома рамёстваў у Глыбокім таксама робіць паясы, мы з ёй пазнаёміліся і паказалі
нашу тэхніку. Зараз пры сустрэчах разам удасканальваем навыкі і дзялімся
вопытам", - сказаў Альгердас Брэйдокас.
Цяперашні "Вішнёвы фестываль" атрымаўся народным, па-сямейнаму цёплым і пазітыўным. Пра свае карані і любоў да Глыбокага расказалі прадстаўнікі роду Корсакаў, якія прыехалі з Польшчы. Іх продк, Іосіф Корсак, у XVII стагоддзі зрабіў шмат карысных спраў для горада, пад яго кіраўніцтвам і фінансавай дапамогай з'явіліся тры храмы. У райцэнтры захоўваюць памяць аб мецэнаце: у 2012 годзе на "Алеі знакамітых землякоў" усталяваны бюст Іосіфу Корсаку. Галіны сучасных Корсакаў раскіданы па Расіі, Польшчы і Беларусі. Аляксандр Корсак, які прыехаў на свята разам з
з сынамі і бацькам, жыве ў Варшаве. Яны прыязджаюць у Глыбокае апошнія чатыры
гады - не на працяглыя тэрміны, але часта. У гэты раз скарысталіся
магчымасцю пяцідзённага бязвізавага рэжыму.
У 2014 годзе, на 600-годдзе горада, сям'я
прывезла копію карціны з выявай знакамітага продка. Чытаючы кнігу пра
Глыбокае краязнаўца Оттана Гедэмана, Аляксандр даведаўся, што раней арыгінальная
праца вісела на адной са сцен касцёла. Ён знайшоў у газеце за 1905 год
паменшаную чорна-белую копію малюнка. Звярнуўся да польскага мастака, які
спецыялізуецца на старадаўніх партрэтах, ведае, у якіх колерах і тэхніках
малявалі тады. Пасля доўгіх угавораў карціна была напісана, і цяпер яна
упрыгожвае касцёл у Глыбокім.
"Нашы сувязі з горадам толькі мацнеюць.
Нядаўна дзеці з абмежаванымі магчымасцямі два тыдні гасцявалі ў Польшчы, затым
палякі прыязджалі да вас. Акрамя таго, дзякуючы прэсе знайшлі яшчэ прадстаўнікоў
роду Корсакаў, якія жывуць у Полацку. І ў 2015 годзе каля бюста Іосіфа
Корсака ў Глыбокім мы сустрэліся, правялі разам некалькі дзён", -
дадаў Аляксандр Корсак.
"Вішнёвы фестываль" быў багаты на
сустрэчы і шчырыя эмоцыі. Чарговы раз ён даказаў, што ў форуму трывалыя
корані. У рамках урачыстасці ў прайшоў конкурс баяністаў,
аккардэаністаў і гармоністаў "Вішнёвыя напевы". Увечары гасцей чакаў гала-канцэрт "Вішнёвае суквецце дружбы", урачыстае закрыццё і
аўкцыён "Вішнёвы пірог". У праграме таксама канцэрт арт-групы
"Беларусы", феерверк і дыскатэка "Вішнёвы мікс".
БЕЛТА.