Святкаванне 1 Мая ў Віцебску: святочнае шэсце і ўзнагароджанне лепшых працаўнікоў
Святочнае шэсце пройдзе ў Віцебску на 1 Мая. У ім возьмуць удзел працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада. Пра гэта vitvesti.by паведамілі ў прэс-службе прафсаюзаў вобласці.
Калона стартуе а палове дзясятай раніцы, пройдзе ад вуліцы Калініна да плошчы Перамогі, дзе а 10 гадзіне раніцы пачнецца асноўная частка Свята працы ў Віцебску. Тут абвесцяць імёны пераможцаў, лаўрэатаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Майстар года Віцебшчыны-2019», узнагародзяць сямейныя працоўныя дынастыі.
Завершыцца Першамай у Віцебску канцэртам ад калектываў мастацкай самадзейнасці культурна-спартыўнага Цэнтра чыгуначнікаў. Таксама чакаецца спартыўна-забаўляльнае свята «Стартуем разам!», дзе віцябляне змогуць прыняць удзел у пацешных конкурсах, розных спаборніцтвах. Акрамя таго, будуць працаваць бясплатныя атракцыёны.