Святкаванне 390-годдзя Куцеінскай Лаўры пройдзе ў Воршы
Святкаванне 390-годдзя Свята-Багаяўленскага Куцеінскага манастыра пройдзе ў Оршы 18-20 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
Пачнуцца ўрачыстасці боскай літургіяй у Ільінскай царкве з удзелам архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Пасля службы ад сцен храма стартуе хрэсны ход з абразом Аршанскай Божай Маці. Духавенства, жыхары горада, госці і паломнікі накіруюцца ў Куцеінскі манастыр. Тут адбудзецца малебен у гонар абраза Аршанскай Божай Маці і цырымонія асвячэння званоў.
На сцэнічнай пляцоўцы Куцеінскай лаўры пройдзе канцэрт "Праваслаўныя спевы", адбудзецца паказ тэатральнай пастаноўкі "Спірыдон Собаль", будуць арганізаваны выстава дзіцячай творчасці "Орша праваслаўная" і выстава "Гісторыя Буквара".
У манастыры адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя "Куцеінскія чытанні-3". Яе ўдзельнікамі стануць гісторыкі, музейныя работнікі і краязнаўцы. Сярод іх прадстаўнікі НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея. Таксама будуць арганізаваны сустрэчы з навучэнцамі ў бібліятэках і навучальных установах горада.
Завершацца ўрачыстасці святочным вячэрнім богаслужэннем у саборы Прасвятой Багародзіцы.
Свята-Троіцкі Багаяўленскі мужчынскі манастыр у Оршы з'явіўся ў XVII стагоддзі. Пры ім была заснавана друкарня, найбуйнейшая на той час у Беларусі. У 1631 годзе друкар Спірыдон Собаль тут выпусціў першы "Буквар" на беларускай мове. Манастыр стаў асяродкам культурнага жыцця, пры ім тварылі ўмелыя майстры: разьбяры па дрэве, гравёры, спецыялісты па вырабе кафлі, чэканшчыкі, іканапісцы, кнігадрукары. Дзякуючы іх майстэрству ў XIX стагоддзі Оршу называлі "беларускім Суздалем". Лічыцца, што менавіта адсюль, ад Куцеінскай лаўры, пайшло пачатак агульнажыцейскага манаства па ўсёй Беларусі.