Святкаванне 850-годдзя крыжа Еўфрасінні Полацкай пройдзе ў верасні

22 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Святкаванне 850-годдзя стварэння крыжа Ефрасінні Полацкай пройдзе ў Полацку ў верасні. Завершацца святочныя мерапрыемствы 27 верасня на Узвіжанне Святога і Жыццедайнага крыжа Гасподняга, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры, дзе захоўваецца копія згубленай рэліквіі.

На працягу верасня ў Полацку і Наваполацку будуць праходзіць асветніцкія гутаркі і лекцыі, прысвечаныя гісторыі стварэння крыжа Ефрасінні. У мясцовых бібліятэках будзе арганізавана выстава літаратуры аб гісторыі праваслаўя на полацкіх землях, аб жыцці і праведных справах прападобнай Ефрасінні. Апафеозам урачыстасцей стане урачыстае набажэнства 27 верасня, падчас якога крыж Ефрасінні будзе вынесены з прастола і ўскладзены на аналой.

Напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай з'яўляецца праваслаўнай святыняй. Як сведчаць гістарычныя хронікі, Ефрасіння замовіла яго для ўзведзенай па яе праекце Спаса-Праабражэнскай царквы полацкаму (а па некаторых сведчаннях, кіеўскаму) майстру Лазару Богшу ў 1161 годзе. Вышыня крыжа складала 51,8 см, даўжыня верхняга скрыжавання - 14 см, ніжняга - 21 см. Аснова была выканана з кіпарыса. Да пярэдняй і адваротнай паверхняў святыні мацаваліся па 11 залатых пласцін, упрыгожаных перагародчатымі эмалямі. Бакавыя бакі ўпрыгожвалі срэбныя пласціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, абрамлены ніткай жэмчугу. Выявы на ім прадстаўлялі сабой амаль усю гісторыю Новага Запавету. Асаблівую каштоўнасць крыжу надавалі часціцы Крыжа Хрыстовага з кроплямі яго крыві, камень з грабніцы Божай Маці, часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, крыві святога Дзімітрыя. На крыж было накладзена закляцце аб неадчужэнні: "...хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць. Калі не паслухаецца хто і вынясе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён Святой Жыццедайнай Тройцай і святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Юды..." - выгравіравана на бакавых тарцах крыжа.

Да XIII стагоддзя крыж захоўваўся ў Полацку, у царкве ігуменні Еўфрасінні, затым як ваенны трафей пераходзіў з адных рук у іншыя: спачатку апынуўся ў Смаленску, затым у Маскве. У 1563 годзе Іван Грозны пасля паспяховага паходу на Полацк вярнуў яго ў Спаса-Праабражэнскую царкву. У 1928 годзе з Полацка крыж быў перавёзны ў Мінск, а ў 1929 годзе - у Магілёў, дзе і захоўваўся ў пакоі-сейфе Магілёўскага абкама і гаркама партыі. Крыж быў згублены падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднак энтузіясты дагэтуль працягваюць пошукі.

Падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана аднавіць крыж. Аднаўленне святыні было даручана брэсцкаму ювеліру-эмаліроўшчыку, члену Саюза мастакоў Беларусі Мікалаю Кузьмічу. 24 жніўня 1997 года мітрапалітам Філарэтам была асвечана копія крыжа Еўфрасінні Полацкай, якая ў цяперашні час захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім саборы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.-0-