Прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса можа з'явіцца ў Лепельскім раёне

Прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса можа з'явіцца ў Лепельскім раёне (Віцебская вобласць). Пра гэта паведаміў сёння ў Віцебску журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Юзаф Мігаш на палях беларуска-славацкага прадпрымальніцкага форуму "Інавацыі - шлях да паспяховай інтэграцыі".

"Я пабываў у Лепельскім раёне, паглядзеў тыя ўгоддзі, якія прапануе нам беларускі бок для арганізацыі сельгаспрадпрыемства. Там нядрэнная інфраструктура, вельмі добрыя ўмовы - ёсць азёры, паша. Можна стварыць перспектыўнае прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса", - сказаў пасол. Ён адзначыў, што для рэалізацыі намечанага неабходна набыць пародзістых жывёл, прайсці сертыфікацыю і г.д.

"Цяпер трэба палічыць, колькі спатрэбіцца грошай, адкуль і за якую цану мы можам атрымаць чыстую пароду, якая б адпавядала сучасным трэндам мармуровага мяса. Будзем гаварыць са славацкімі інвестарамі, прапаноўваць ім тут працаваць, пераконваць. Але яны спецыялісты і павінны даць сваю экспертную ацэнку, вызначыць плюсы і мінусы, дапрацаваць праект да рэальнага бізнес-плана, які мы і будзем увасабляць у жыццё, дзейнічаючы строга па правілах і разліках", - сказаў дыпламат. Ён падкрэсліў, што разлікі трэба праводзіць скрупулёзна, каб ствараемае прадпрыемства было паспяховым і прыбытковым.

Юзаф Мігаш адзначыў, што на форуме атрымае працяг і тэма супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі. "Прыехалі нашы спецыялісты, якія будуць абмяркоўваць тэму будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне. Яны гатовыя да гэтай размовы", - канстатаваў пасол. Ён падкрэсліў, што ў сучасных эканамічных умовах трэба быць строгім і прагматычным. "Разкідваць грошы не варта. Нашу славянскую душу трэба дапоўніць нармальным заходнім прагматызмам, і тады ў справе будзе поспех", - перакананы дыпламат. Суразмоўца асабліва падкрэсліў, што супрацоўніцтва і ў сельскай гаспадарцы, і ў энергетыцы пакуль знаходзіцца на папярэднім этапе. Гаварыць пра тое, што пачалася рэалізацыя,

можна толькі пасля складання бізнес-плана. Праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць на шляху рэалізацыі планаў беларуска-славацкага супрацоўніцтва ў Віцебскай вобласці, плануецца абмеркаваць на сустрэчы Ёзэфа Мігаша з кіраўніцтвам аблвыканкама, якая запланавана на заўтра. Беларуска-славацкі прадпрымальніцкі форум "Інавацыі - шлях да паспяховай інтэграцыі" - адно са мерапрыемстваў Дзён Славакіі, якія пройдуць у Віцебску падчас "Славянскага базару".

Сам форум працягнецца да 14 ліпеня і стане пляцоўкай для сустрэч прадстаўнікоў бізнесу і органаў улады Беларусі з замежнымі партнёрамі, асацыяцыямі падтрымкі сярэдняга і малога бізнесу, профільнымі фінансавымі ўстановамі. Праграма ўключае правядзенне семінараў, круглых сталоў па розных напрамках, кантактна-кааперацыйных біржаў і іншае. Удзельнікі змогуць абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, турызму і аздараўлення.

Алена Ціханава – БЕЛТА.