Прадпрыемства "Віцязь" акцыянавана
18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці створана адкрытае акцыянернае таварыства ў працэсе прыватызацыі дзяржуласнасці РУПП "Віцязь". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні маёмасцю, сацыяльнай сферай і ідэалагічнай працы ААТ "Віцязь" Аляксандр Петрушко.
Статутны фонд ААТ "Віцязь" сфарміраваны ў памеры звыш Br200 млрд., на гэту суму выпушчана больш за 5 млн. простых акцый наміналам Br44 тыс. кожная. Уласнасцю дзяржавы захавана 100% акцый. Назіральны савет і іншыя органы кіравання таварыства сфарміраваны, цяпер праводзяцца працэдуры іх афіцыйнага зацвярджэння.
Галоўнай мэтай акцыянавання прадпрыемства з'яўляецца павышэнне яго інвестыцыйнай прывабнасці. "Віцязь" зацікаўлены ў прыцягненні дадатковых абаротных сродкаў для выпуску больш канкурэнтаздольнай прадукцыі. Новы статус, безумоўна, будзе спрыяць пошуку патэнцыйных інвестараў", - падкрэсліў Аляксандр Петрушко.
Да канца бягучага года ў вобласці плануецца рэфармаваць яшчэ 20 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці, уключаных у план прыватызацыі аб'ектаў рэспубліканскай уласнасці на 2008-2010 гады, паведамілі ў тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць".-0-