Прадпрыемстваў-даўжнікоў па выплаце заробку ў Віцебскай вобласці становіцца менш

Предприятий-должников по выплате зарплаты в Витебской области становится меньше
На пачатак жніўня ў 192 арганізацыях Віцебшчыны мелася запазычанасць па заработнай плаце на суму больш за 126 млрд рублёў. Пры гэтым назіраецца змяншэнне колькасці прадпрыемстваў-даўжнікоў у параўнанні з мінулым месяцам, калі запазычанасць была ў 219 арганізацый. Больш за ўсё праблем са своечасовай выплатай зарплат у Дубровенскім, Глыбоцкім, Міёрскім, Талачынскім, Полацкім і Браслаўскім раёнах.

Паводле інфармацыі абласной пракуратуры, на пачатак жніўня ў 192 арганізацыях Віцебшчыны мелася запазычанасць па заработнай плаце на суму больш за 126 млрд рублёў.

 

Пры гэтым назіраецца змяншэнне колькасці прадпрыемстваў-даўжнікоў у параўнанні з мінулым месяцам, калі запазычанасць была ў 219 арганізацый. Больш за ўсё праблем са своечасовай выплатай зарплат у Дубровенскім, Глыбоцкім, Міёрскім, Талачынскім, Полацкім і Браслаўскім раёнах.

Пракурор аддзела пракуратуры вобласці Марына Ражова паведаміла, што сітуацыя з выплатай заробку знаходзіцца пад пастаянным кантролем органаў пракуратуры. Як сведчыць маніторынг, часцей за ўсё праблемы з яе затрымкай звязаны з цяжкім фінансавым становішчам прадпрыемстваў, складанасцямі ў рэалізацыі запасаў гатовай прадукцыі, наяўнасцю вялікай дэбіторскай запазычанасці, неналежнай працай кіраўніцтва па захаванні ўласнасці, марнатраўствам, бясгаспадарнасцю.

Напрыклад, пракурор Шаркаўшчынскага раёна прааналізаваў выкананне працоўнага заканадаўства на сельгаспрадпрыемствах. Высветлілася, што ў большасці з іх сістэматычна парушаюцца тэрміны выплаты заработнай платы, не прымаюцца належныя меры па скарачэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. Пракурор унёс старшыні райвыканкама прадстаўленне, якое разглядалася на вытворчай нарадзе з запрашэннем адказных асоб. У выніку частка запазычанасці па зарплаце пагашана, за дапушчаныя парушэнні 8 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку работнікі райвыканкама, якія не забяспечылі належны кантроль за станам работы ў гэтым напрамку. Таксама да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і кіраўнікі прадпрыемстваў-даўжнікоў.

У цэлым практыка сведчыць, што ўмяшанне пракурораў часта вядзе да аператыўнага вырашэння гэтага пытання. Напрыклад, па прадпісанні пракурора Гарадоцкага раёна аб ліквідацыі парушэнняў працоўнага заканадаўства, унесеным дырэктару ДКУСП «Гарадоцкая ПМК-51», прадпрыемствам пагашана запазычанасць па зарплаце ў суме больш за 600 млн рублёў. Пракурорам Чашніцкага раёна прад'яўлены шэраг заяў аб узбуджэнні загаднага вядзення ў эканамічны суд вобласці ў інтарэсах ААТ «Праземле-Агра», КУП «Чашніцкае ПМС» і іншых арганізацый, якія дапускаюць запазычанасць па заработнай плаце. Усё гэта дазволіла дамагчыся зніжэння даўгоў перад работнікамі. Падобная практыка распаўсюджана ў Глыбоцкім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лепельскім, Ушацкім, Шумілінскім раёнах.

Агулам з пачатку года па парушэннях, звязаных з затрымкай заробкаў, органы пракуратуры вобласці ўнеслі 56 прадстаўленняў, 145 прадпісанняў, 15 пратэстаў, абвешчана 24 афіцыйных папярэджання. Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 106 чалавек, да адміністрацыйнай – 178.

Аляксандр Кутынко,

“Віцебскія весці”.