Прадпрыемствы Беларусі, Расіі і Індыі возьмуць удзел у выставе "Малы бізнес у фестывальным Віцебску"
30 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Беларусі, Індыі і Расіі прымуць удзел у выстаўцы-кірмашы "Малы бізнес у фестывальным Віцебску", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Людміла Пракаф'ева.
Мерапрыемства будзе праходзіць з 9 па 12 ліпеня. Аб удзеле ў ім заявілі каля 40 суб'ектаў гаспадарання розных сфер дзейнасці. На выстаўцы яны прадставяць тэкстыльныя вырабы, тавары для дома і інтэр'еру, посуд, крышталь, скурагалантарэю, біжутэрыю, сувеніры, касметыку. Запланавана правядзенне дзелавых сустрэч, круглых сталоў, прысвечаных пытанням развіцця малога і сярэдняга бізнесу.
Выстаўка праводзіцца ў 9-ы раз. Яе мэта - садзейнічаць прасоўванню тавараў і паслуг прадпрыемстваў малога бізнесу на рэгіянальныя рынкі, стымуляваць развіццё гэтых суб'ектаў гаспадарання. Арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу.
Сумесна з Віцебскім епархіяльным упраўленнем Беларускай праваслаўнай царквы Віцебскі цэнтр маркетынгу ў дні "Славянскага базару" ўпершыню арганізуе яшчэ адну выставу - "Напачатку было слова...", якая пройдзе з 13 па 17 ліпеня. Храмы, манастыры і саборы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі прадставяць удзельнікам і гасцям фестывалю духоўную літаратуру, іканапіс, царкоўнае начынне, вырабы з лёну і бавоўны, іншую прадукцыю. Выстаўка заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да духоўных і культурных традыцый Беларусі і Расіі, садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню людзей.-0-