Прадпрыемствы "Белбиофарм" для папярэджання недахопу лекаў закупілі сыравіны на $2 млн.

4 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы "Белбіёфарм" для папярэджання недахопу лекавых прэпаратаў у выпадку чарговай успышкі захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып ужо закупілі сыравіны на $2 млн, расказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА старшыня канцэрна "Белбіёфарм" Міхаіл Чарапок. Ён прымаў удзел у пасяджэнні рабочага штаба па будаўніцтве фармацэўтычнага прадпрыемства "БелВітуніфарм" у Віцебску. Фармацэўтычныя прадпрыемствы перавыканалі запланаваныя на лістапад-снежань аб'ёмы вытворчасці найбольш запатрабаваных прэпаратаў. На лістапад-снежань пастаўкі былі вызначаны ў памеры 1 млн упаковак "Рэмантадзіну" і 3,6 млн упаковак оксалінавай мазі. У лістападзе было адгружана больш за 50% прэпаратаў, у снежні будзе пастаўлена астатняе. Аднак, як падкрэсліў суразмоўца, гэта шматразовае перавышэнне вытворчасці па гэтых пазіцыях. "Выпушчана чатырохгадовая патрэбнасць "Рэмантадзіну" і больш чым двухгадовая патрэбнасць у оксалінавай мазі", - запэўніў ён. Даючы ацэнку працы прадпрыемстваў фармацэўтычнай галіны ў пік захворвання, кіраўнік канцэрна паставіў ім адзнаку "добра" па пяцібальнай шкале. "Цяперашні эпідэмічны пік выявіў праблемныя пытанні", - прызнаў Міхаіл Чарапок. На яго думку, у рэспубліцы неабходна стварыць адзіны лагістычны цэнтр, дзе акумулявалася б інфармацыя аб патрэбах рэгіёнаў у тых ці іншых прэпаратах і адкуль яны пастаўляліся б у аптэкі. Гэта дазволіла б раўнамерна размяркоўваць прэпараты і кіраваць сітуацыяй у выпадку ўзнікнення дэфіцыту, лічыць кіраўнік канцэрна. На думку Міхаіла Чарапка, ажыятажны попыт на супрацьвірусныя прэпараты сёлетняй восенню быў выкліканы недахопам інфармацыі. "Людзям трэба тлумачыць, што оксалінавая мазь і "Рэмантадзін" не панацэя, не адзіны сродак. Так атрымалася, што два-тры прэпараты атрымалі велізарную рэкламу, у той час як ёсць іншыя аналагі", - сказаў ён.-0-