Прадпрыемствы "Беллегпрама" ў 2010 годзе павялічаць інвестыцыі ў асноўны капітал на 30% да Br291 млрд.

18 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам" плануюць павялічыць інвестыцыі ў асноўны капітал у 2010 годзе на 30% да Br291 млрд. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Астроўскі на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Новае ў тэхніцы і тэхналогіі тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці", якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашні час канцэрн рэалізуе праграму інавацыйнага развіцця, якая прадугледжвае пераўзбраенне ў першую чаргу трыкатажнай і тэкстыльнай галін. За студзень-кастрычнік прадпрыемствы накіравалі на абнаўленне абсталявання каля Br181 млрд., або 148% да аналагічнага перыяду 2008 года. "Калі тры гады таму нам удавалася абнавіць за год каля 3% асноўных фондаў, то сёння плануем давесці гэты паказчык да 10%", - адзначыў Уладзімір Астроўскі. Толькі ў 2008 годзе за кошт актыўнай інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемствы амаль на 10% палепшылі стан асноўнага тэхналагічнага абсталявання (па дадзеных на 1 студзеня 2009 года знос актыўнай часткі асноўных сродкаў склаў 77,8% супраць 85% па стане на пачатак 2008 года). Комплекснае тэхпераўзбраенне дазваляе прадпрыемствам канцэрна не толькі захоўваць вытворчы патэнцыял, але і нарошчваць аб'ём выпуску, а галоўнае - якасна паляпшаць асартымент прадукцыі, падкрэсліў Уладзімір Астроўскі. Акрамя таго, па дадзеных за першае паўгоддзе ў цэлым па канцэрне ўдалося атрымаць эфект і па іншых паказчыках. Так, за кошт укаранення новага абсталявання і асваення перспектыўных тэхналогій зэканомлена электраэнергіі на Br3 млрд., эканомія сыравіны і матэрыялаў ацэньваецца ў Br9,4 млрд. Усяго за час рэалізацыі дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця ўведзена ў эксплуатацыю 17 аб'ектаў, з якіх 13 вытворчасцей ужо выйшлі на праектныя магутнасці. У 2010 годзе працягнецца тэхнічнае пераўзбраенне РУПТП "Аршанскі льнокамбінат", РУП "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне", ГРУПП "Гронітэкс", ААТ "Ковры Бреста", ААТ "Магатэкс", ААТ "Палессе" і іншых прадпрыемстваў канцэрна, дадаў Уладзімір Астроўскі.-0-