Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання Віцебскай вобласці будуць кааперавацца і камбінаваць паслугі
Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці распрацавала варыянты кааперацыі прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтай сферы, паведаміў выконваючы абавязкі начальніка дзяржаўнай установы Павел Белавус.
"У наступным годзе плануем развіваць каапераваныя сувязі сярод арганізацый, якія прапануюць розныя віды паслуг. У прыватнасці, на ўсіх падведамных нам камбінатах бытавога абслугоўвання арганізаваны пашыў пасцельнай бялізны, у тым ліку з тканін з 3D-малюнкам. Ёсць маляўнічыя буклеты з гэтай прадукцыяй. Дык чаму б не пакласці іх у фае цырульні, дзе кліенты ў чарзе звычайна разглядаюць глянцавыя часопісы?" - адзначыў Павел Белавус. У выпадку зацікаўленасці кліент тут жа ў цырульні зможа аформіць заказ, зрабіўшы перадаплату ў 30%. Гэтая паслуга ўпершыню будзе прапанавана ў цырульні, якую плануецца адкрыць у студзені ў новым жылым мікрараёне Білева. Бытавым абслугоўваннем насельніцтва Віцебскай вобласці займаюцца 2423 суб'екты гаспадарання, у тым ліку 20 падведамных установе прадпрыемстваў.
"Азіраючыся на калег у Магілёўскай, Гомельскай абласцях, мы таксама разглядаем пытанне аб стварэнні холдынгу, які б уключаў прадпрыемствы, што аказваюць бытавыя паслугі ў рэгіёне. Але зараз больш цікавы варыянт стварэння адзінага кароткага нумара і працы ў якасці дыспетчарскай службы, заключыўшы папярэдне дагаворы з малым і сярэднім бізнесам. Напрыклад, чалавек тэлефануе па адзіным нумары і кажа, што яму патрэбна паслуга па зборцы мэблі, а мы адрасуем гэты заказ таму суб'екту са спісу, хто адпавядае запыту і не загружаны ў дадзены момант", - заключыў Павел Белавус. Гаворачы аб ідэях укаранення новых відаў паслуг, ён распавёў аб такіх задумках, як паслуга па запраўцы картрыджаў і арганізацыя папулярных гульняў у лазертаг на тэрыторыях пад Віцебскам. Спрос і прапанова ў сельскай мясцовасці і ў буйных гарадах адрозніваюцца, адзначыў суразмоўца. Таму залог паспяховай канкурэнцыі з прыватнікамі ў тым, каб знайсці правільную нішу.
"Напрыклад, Докшыцкае прадпрыемства "Бытавік" вырабляе запатрабаваную сярод насельніцтва прадукцыю з драўніны: лесвіцы, лаўкі, агароджы, інвентар для догляду за жывёламі. У Шуміліне цяпер займаюцца рамонтам помнікаў, дахаў, плануюць пачаць вырабляць тратуарную плітку, а таксама задзейнічаць магутнасці лесапільні для выканання заказаў ад лясгасаў", - дадаў Павел Белавус.
Кацярына Князева, БелТА.