Прадпрыемствы Чашніцкага раёна да Дня пажылых людзей акажуць матэрыяльную дапамогу ветэранам працы

30 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Чашніцкага раёна да Дня пажылых людзей акажуць матэрыяльную дапамогу сваім ветэранам працы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Аднаразовае грашовае ўзнагароджанне ў памеры ад адной да чатырох базавых велічынь выплацяць 15 прадпрыемстваў і арганізацый раёна (адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Так, завод керамзітавага жвіру павіншуе такім чынам 85 чалавек, РУП "Чашнікнефцепрадукт" - 13. Усяго матэрыяльная дапамога будзе аказана 175 ветэранам працы. Святочныя віншаванні чакаюць і многіх іншых пажылых жыхароў Чашніцкага раёна. Шэраг прадпрыемстваў правядзе для іх вечары адпачынку з канцэртнымі праграмамі, акажуць дапамогу ў забеспячэнні сельгаспрадукцыяй. Старшыні сельскіх Саветаў арганізуюць выязныя сходы ў вёсках, а ў сельскіх бібліятэках адбудуцца тэматычныя вечары адпачынку, пасядзелкі і літаратурныя сустрэчы. Акрамя таго, для сваіх чытачоў сталага ўзросту 1 кастрычніка карыстанне кнігамі камерцыйнага абанемента яны зробяць бясплатным. Да шматлікіх віншаванняў ужо рыхтуюцца члены моладзевых арганізацый. Чэрга ўрачыстых мерапрыемстваў стартавала і ў іншых рэгіёнах вобласці. Напрыклад, ветэраны працы абласнога цэнтра сёння запрошаны на ўрачысты сход у культурна-дзелавы цэнтр "Віцебск", а 1 кастрычніка - на прыём у іх гонар у гарвыканкам. У дзень свята ў гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна адбудзецца адкрыццё аддзялення кругласутачнага пражывання для адзінокіх пажылых людзей, а ў Полацку актывісты БРСМ правядуць акцыю "Дапаможам, чым зможам!". Свае маленькія падарункі ў гэты дзень падрыхтавалі для людзей старэйшага пакалення многія ўстановы. Так, ветэраны працы змогуць бясплатна наведаць Віцебскі абласны краязнаўчы музей і атрымаць зніжкі ў цырульнях, майстэрнях па рамонце абутку, а таксама на іншыя бытавыя паслугі. На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскай вобласці стаіць 339,9 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер пенсіі па стане на 1 верасня склаў Br392 тыс. Розныя віды сацыяльна-бытавой і псіхалагічнай дапамогі аказваюцца пажылым людзям праз 27 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, пры якіх функцыянуе 11 структурных падраздзяленняў, у тым ліку 14 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання на 447 месцаў. Напрыклад, 12,5 тыс. старых карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі на даму.-0-