Прадпрыемствы канцэрна "Белбіяфарм" за чатыры гады павялічылі выпуск прадукцыі ў 1,5 раза

8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём вытворчасці фармацэўтычных прадпрыемстваў канцэрна "Белбіяфарм" за апошнія чатыры гады вырас у 1,5 раза і па выніках 2009 года дасягнуў Br518,7 млрд. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Гапановіч на VIII з'ездзе фармацэўтаў Беларусі, які праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За гэты перыяд аб'ём паставак фармпрадукцыі на ўнутраны рынак вырас з $64 млн. да $111 млн., стабільна складаючы 60% ад вырабленай прадукцыі. Доля прысутнасці айчынных лекавых прэпаратаў на рынку краіны расце як у грашовым, так і ў натуральным выражэнні, адзначыў Уладзімір Гапановіч. Так, у 2009 годзе прадпрыемствы канцэрна рэалізавалі на ўнутраным рынку лекавых сродкаў на суму Br312 млрд. Аб'ём фармацэўтычнага рынку Беларусі па выніках 2009 года вырас на 3% у грашовым выражэнні і 1,5% у натуральным і склаў $615,4 млн. (па дадзеных маніторынгу рознічных і шпітальных продажаў цэнтра "Фармэксперт"). Таксама вырасла доля айчынных вытворцаў, якая склала ў грашовым выражэнні 20,8% і ў натуральным - 55%. "Пры гэтым сярэдні кошт упакоўкі лекавых сродкаў замежных вытворцаў складаў $2,9, а айчынных вытворцаў - $0,62, то ёсць амаль у 5 разоў менш", - падкрэсліў Уладзімір Гапановіч. Ён нагадаў, што прадпрыемствы канцэрна вырабляюць 85% айчынных лекавых сродкаў. Нарастанне аб'ёмаў паставак айчынных лекавых сродкаў забяспечваецца ў першую чаргу за кошт пашырэння наменклатуры выпускаемай прадукцыі. У краіне створана дзяржаўная сістэма распрацоўкі тэхналогій вытворчасці і прымянення новых лекавых сродкаў з удзелам арганізацый НАН Беларусі, міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі, а таксама прадпрыемстваў канцэрна "Белбіяфарм". Дзякуючы сумесным намаганням толькі ў 2009 годзе прадпрыемствы асвоілі выпуск 35 новых найменняў лекавых сродкаў. Усяго асартымент фармпрадпрыемстваў налічвае звыш 500 найменняў лекавых сродкаў, з якіх больш за 200 уваходзіць у пералік асноўных. У 2010-2012 гадах прадпрыемствы канцэрна плануюць распрацаваць і ўкараніць больш за 40 лекавых сродкаў, у тым ліку сродкі для лячэння паталогіі страўнікава-кішачнага тракта і абмену рэчываў, антытромбатычныя і супрацьпухлінныя сродкі. Да 2015 года асартымент выпускаемай прадукцыі павінен павялічыцца да 800 найменняў, пры гэтым выпуск лекавых сродкаў з пераліку асноўных дасягне не менш за 60%. -0-